Учора мы расказвалі пра дзве гісторыі вяртання ў Беларусь. Ігар Неміровіч напісаў у камісію па памілаванні і, як расказалі сілавікі, не дачакаўшыся адказу, прыехаў дадому, дзе яго затрымалі. А Дзіяну, якая ў траўні вярнулася ў Мінск, каб памяняць пашпарт, затрымалі і асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Гэта далёка не першыя выпадкі, калі беларусы, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, прыязджаюць у краіну, нягледзячы на рызыку затрымання. Чаму людзі прымаюць такія рашэнні?
Некалькі тыдняў таму ў Беларусі затрымалі майго знаёмага. Пакуль ён на «сутках», але па іх заканчэнні выходзяць не ўсе. Вядома, гэта палітычна матываваная справа, а ён — чарговая ахвяра рэпрэсій. Час ад часу мае блізкія, якія вымушана жывуць за межамі краіны, нягледзячы на рэальныя рызыкі і часта — канкрэтныя пагрозы, ездзяць у Беларусь. І часам не вяртаюцца. Людзей хапаюць, саджаюць за краты і выносяць прысуды.
Ніякія ўгаворы, заклікі да здаровага сэнсу не спыняюць такіх людзей і не астуджаюць запал вярнуцца дадому.
Рызыкуючы, складанымі шляхамі, незразумела якім чынам пазбягаючы засвечвання сябе ў сістэме, яны трапляюць дадому. Навошта? Магчыма, тут ёсць некалькі матываў.
Самы галоўны, вельмі зразумелы, звязаны з «пачуццём дому». Настальгія — гэта не проста слова ці эмацыйнае перажыванне, гэта складаны стан, можна сказаць, фізічная пакута. «Альгас» па-грэцку — боль, смутак. То-бок туга па радзіме як хваравітая туга па страчанай маці, страце фізічнай сувязі. Каб суняць боль і яго разбуральнае дзеянне на ўсё функцыянаванне чалавека, неабходнае толькі фізічнае вяртанне. І жыццё дома ў турме ці дома ў небяспецы ўяўляецца нашмат лепшым, чым свабоднае і бяспечнае жыццё на «чужыне». Чаму так адбываецца? Рэч у тым, што, калі мы доўга жывём у адным месцы, вырастаем там, пражываем важныя этапы свайго жыцця, асяроддзе становіцца не проста сімваламі эмоцый і досведу, але і нібыта часткай нас саміх. Гэта такое пашырэнне псіхікі і псіхічнай прасторы вонкі. Вуліцы, сцены, расколіны на асфальце, пах горада — гэта ключ да свайго мінулага і да таго, што мяне вызначае як чалавека.
Што можна зрабіць з гэтым пачуццём, каб не так моцна ад яго залежаць? Часткова гэта магчыма праз злучэнне сваёй культуры, беларускасці, з культурай новага месца. Гэта значыць дазволіць новаму таксама стаць часткай сябе. Не замяніць ім сваё мінулае, а злучыць. А гэта цяжкая задача, бо ў чужой краіне і новых людзях, як у люстэрку, адбіваецца не тое, што чалавек прывык бачыць. У гэтым адлюстраванні ты чужынец. Гэта трывожыць і выклікае дыскамфорт. І можна так ніколі і не стаць сваім. Таму, вядома, вельмі хочацца паехаць дадому, дзе ўсё зразумела. Нават калі там чакаюць каты, яны ўсё роўна даюць чалавеку тое звыклае адлюстраванне самога сябе.
Ёсць і іншыя прычыны. Адна з іх — мы прывыкаем жыць у пэўным парадку. Ён — частка самарэгуляцыі. У ім заўсёды мусіць быць знойдзенае месца злу. Бо дэструктыўнасць — неад’емная частка прыроды чалавека. У Беларусі яна лакалізаваная ва ўладзе і ва ўсім, што з гэтым звязана, — «ябацькі», сілавікі, сістэма дзяржаўнага кіравання і г. д. Мы вельмі да гэтага прывыкаем, бо так прасцей сябе адчуваць добрымі. Калі адысці ад маральных і сацыяльных ацэнак і паглядзець на гэта з пункту гледжання індывідуальнага сэнсу для псіхікі канкрэтнага чалавека, то гэта не дрэнна і не добра. Гэта спосаб самарэгуляцыі і абыходжання з уласнай дэструктыўнасцю. Адных гэта прыводзіць да ахвярнай пазіцыі, іншых — да праведнай ваяўнічасці і барацьбы. Але і тым, і тым патрэбнае зло, увасобленае ў вельмі канкрэтным, дрэнным і дэструктыўным аб’екце ў рэальнасці. Ці не гэта рухае некаторымі людзьмі, якія так імкнуцца зноў да яго наблізіцца і вярнуцца ў звыклае і разбуральнае асяроддзе?
Змагацца са злом, вядома, трэба, само яно не зменшыцца і не знікне. Пытанне — як. У ім трэба перастаць мець патрэбу. І такое «паглядзіце, што яны са мной зрабілі і якія яны праз гэта кепскія» або «паглядзіце, што яны зрабілі, і таму цяпер я буду змагацца з імі» не спрацуе. У гэтай паслядоўнасці зло першаснае і тады непераможнае. Вось магчымы альтэрнатыўны варыянт: «Я нікому не дазволю несправядліва разбураць сябе і сваё». Гэта ўжо атрутная глеба і атручанае паветра для дыктатуры. Усе, хто вытрымаў рэпрэсіі, і ўсе палітычныя зняволеныя — героі. Але кожны іх дзень жыцця ў турме, — гэта незваротная страта і «спансараванне» рэжыму як зла. Калі людзі — нібы дровы для гэтага пякельнага полымя.
Вядома, для вяртання могуць быць вельмі прагматычныя пытанні, якія трэба вырашыць. А для гэтага — вярнуцца ў Беларусь ці застацца там на нейкі час. Сваякі, сям’я, маёмасць. У жыцці даводзіцца таксама вырашаць цалкам канкрэтныя праблемы. Але ўсё ж добра было б задумацца і быць шчырым (-ай) з сабой. Што змушае прайсці па мяжы? Гэтым можа быць таксама несвядомае жаданне спыніць час і такім чынам адмяніць страты. Вяртаешся дадому — і нібыта нічога не змянілася, і дом не страчаны, і сувязь з тым мінулым захаваная. Але таго, што было, і таго, што магло б быць, ужо няма. Адмаўленне гэтага мае пабочны эфект. Чалавек становіцца чужым і там, і тут. Яго няма ні там, ні тут.
Яшчэ адзін магніт, які цягне вярнуцца назад, нягледзячы на рызыкі, — гэта адчуванне сябе беларусам хаця б проста паводле «зямлі», на якой жывеш. Тыя, хто застаецца ўнутры (і ім можна пазайздросціць), без усялякіх душэўных намаганняў на 100 працэнтаў ведаюць і адчуваюць сябе беларусамі. Вядома, калі не браць у разлік усёй рызыкі і жыцця ў атмасферы гвалту, страху і ўціску. А вось таму, хто з’ехаў, даводзіцца рабіць вялікую працу, каб у выніку быць ідэнтыфікаваным людзьмі з іншых культур як беларус.
Прычыны, з якіх хочацца дадому, цалкам зразумелыя. Але ці вартыя яны трапляння за краты?
Тое, што цяпер адбываецца з тым, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, нагадвае мне капанне тунэлю з розных бакоў. Беларусы ўнутры краіны робяць сваё (наколькі дазваляе рэальнасць) — спрыяюць развіццю чалавечага патэнцыялу ў розных сферах. А беларусы па-за краінай — сваё: пражываючы сваё жыццё як звычайна, як прывыклі, яны сфармуюць нарэшце больш набліжанае да рэальнасці разуменне і ўяўленне пра Беларусь, свабоднае ад дыктатуры, Лукашэнкі і кампаніі. Я спадзяюся, што ў выніку мы злучымся і гэтаму ніхто не зможа перашкодзіць.
Але каб гэта здарылася хутчэй, не падвяргайце сябе небяспецы і рызыцы быць схопленым пражорлівым і ненаедным рэжымам. Беражыце сябе, вашую свабоду (ва ўсіх яе сэнсах) — гэта праблема для сістэмы.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі