Прысуд у дачыненні да фігурантаў «справы NEXTA» набыў законную сілу. Пра гэта паведамілі ТАСС 18 траўня ў Мінскім абласным судзе.
«Прысуд уступіў у законную сілу, бо не абскарджаны і не апратэставаны», — адзначылі ў судзе.
На пытанне пра тое, ці ўзяты Раман Пратасевіч пад варту, прадстаўніца абласнога суда адказала, што «гэта ў парадку выканання».
Нагадаем, 3 траўня ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд па «справе NEXTA». Суд прызнаў фігурантаў вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачання. Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.
Раман Пратасевіч прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду — ён прыехаў у суд адразу з торбай, бо абвінавачанне прасіла ўзяць яго пад варту адразу пасля вынясення вердыкту. Аднак суд пакінуў ранейшую меру стрымання да ўступлення прысуду ў сілу — хатні арышт.
Суд па «справе NEXTA» пачаўся 16 лютага. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна, Раман Пратасевіч прыходзіў на паседжанні ў якасці абвінавачанага.