У Беларусі 22 студзеня набывае моц забарона на продаж шэрагу тавараў на рынках, прадугледжаная пастановай Саўміна № 964 ад 30 снежня 2022 года. Вось што цяпер нельга будзе купіць на рынку.
Забарона для рынкаў
Спіс тавараў, забароненых да продажу на рынках, папоўніўся новымі пазіцыямі. Сярод іх зборнае непастэрызаванае малако, тварог і вырабы з яго, воцат, алкагольная прадукцыя, жывыя жывёлы і расліны з Чырвонай кнігі. Нельга будзе прадаваць на рынку бялізну са штампам установаў і арганізацый, каштоўныя металы і камяні, а таксама вырабы з іх. Пад забаронай таксама зброя, шкуры звяроў без адпаведнай маркіроўкі вытворцы.
Акрамя таго, на гандлёвых месцах на рынках цяпер не будуць прадавацца мука, цукар, крупы і макароны, біялагічна актыўныя дабаўкі, прадукты для спартовага харчавання, тытунёвая прадукцыя. Забаронена ў такіх месцах прадаваць армейскі рыштунак і тавары ваеннага прызначэння, форму, афіцыйна прынятую ў беларускім войску.
Трапілі пад забарону продажу з гандлёвых месцаў бытавая тэхніка, тэлефоны, газавая апаратура, ровары, матаблокі.
Усяго спіс забароненай да продажу на рынках прадукцыі папоўніўся 42 пазіцыямі.
Змены для крамаў і грамадскага харчавання
У гэты ж дзень набываюць моц новаўвядзенні для крамаў і ўстановаў грамадскага харчавання. Так, цяпер алкагольную прадукцыю нельга выстаўляць на стэлажах ля касаў. Але гэтая забарона не датычыць спецыялізаваных крамаў.
Ад установаў грамадскага харчавання з гэтага дня патрабуюць прапісваць найменне, колькасць (порцыю), цану за адзінку прадукцыі або тавару, а таксама ўказваць краіну паходжання. Прычым гэтыя звесткі можна ўказваць не толькі ў раздрукаваным на паперы выглядзе, на грыфельных дошках (паверхня, на якой можна пісаць крэйдавымі маркерамі. — Заўв. рэд.), стэндах, светлавых табло, але таксама ў электронным выглядзе і на рэсурсах у інтэрнэце.
«Пры продажы алкагольных напояў у меню, у віннай карце ўказваюцца
найменне алкагольных напояў, краіна іх паходжання, ёмістасць спажывецкай упакоўкі і іх кошт, аб’ём і цана порцыі, іншая інфармацыя на жаданне прадаўца», — гаворыцца ў пастанове ўрада.