«Люстэрка» працягвае рубрыку «Сорамна пытаць», дзе мы адказваем на пытанні, якія часта няёмка задаваць сваім партнёрам, блізкім сябрам і нават дактарам. Да прыкладу, часам здаецца, што геніталіі пахнуць так моцна, што гэта ўжо заўважаецца. Галоўнае перажыванне — ці адчуваюць «водар» і іншыя людзі? А калі не, то ці можа ён стаць сігналам праблем са здароўем? Даём адказы на гэтыя пытанні — і для жанчын, і для мужчын.
Для пачатку адзначым, што такое пытанне хоць раз узнікала ў многіх людзей — вы дакладна не самотныя. «Мне здаецца, што мая вагіна пахне. У мяне няма партнёра, у якога можна спытаць, і мне няёмка казаць пра гэта сваім сябрам. Я баюся, што калі я адчуваю пах, то і іншыя людзі гэта заўважаць», — скардзілася чытачка The Telegraph.
Сацыяльны псіхолаг Петра Бойнтан, якая спецыялізуецца на сэксуальным здароўі, запэўнівае, што такі страх насамрэч шырока распаўсюджаны. І людзям сапраўды няёмка абмяркоўваць гэтую тэму, хоць яна можа хваляваць. Да прыкладу, каля траціны жанчын саромеецца гаварыць на тэму здароўя іх полавых органаў нават з блізкімі, а больш чым палова дзяўчат 18−24 гадоў у Вялікабрытаніі ад збянтэжанасці не можа нават вымавіць слова «вагіна» перад гінеколагам.
З мужчынамі сітуацыя не лепшая: каля паловы тых, хто сутыкаецца з праблемамі сэксуальнага здароўя, саромеюцца загаварыць пра гэта з медыкам. Але ці трэба турбавацца, калі трывожыць толькі пах геніталій і нічога больш?
Пах жаночых геніталій, а таксама яго інтэнсіўнасць залежаць нават ад дня цыклу. Убачыць гэта дапаможа вядзенне дзённіка
— Геніталіі пахнуць ва ўсіх. Яны маюць натуральны пах і часам могуць аддаваць мачой, фекаліямі ці потам. А можа пахнуць і крывёй, калі ў вас менструацыя, калі вы нядаўна нарадзілі, ці здарыўся выкідак, ці вы перанеслі аперацыю на геніталіях, — тлумачыць Бойнтан. — Мацнейшы пах ад сваіх геніталій можна заўважыць падчас або пасля сэксу. Акрамя таго, у розны час месяца жаночыя геніталіі могуць пахнуць мацней, і гэта таксама можа мець месца падчас цяжарнасці.
Вядома, калі правільна падтрымліваць гігіену, уплыў гэтых фактараў будзе мінімальным (як гэта рабіць, мы расказвалі тут). А тое, што інтымная зона мусіць быць «стэрыльнай» або «добра пахнуць», Бойнтан называе не больш чым маркетынгавымі хітрыкамі тых, хто хоча прадаць жанчынам розныя вагінальныя парфумы. Ёсць яны і на маркетплэйсах у Беларусі — склад прадуктаў, зрэшты, не да канца празрысты (доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей расказваў «Люстэрку», у чым іх небяспека).
На думку Бойнтан, рэклама такіх тавараў таксама можа падмацоўвацца жартамі ці прысаромліваннем жанчын, геніталіі якіх прыкметна пахнуць. Так нараджаецца стэрэатып, што пах ёсць толькі ў «распусных» ці «хворых». Гэта, лічыць спецыялістка, і вядзе да таго, што пра сваю праблему казаць сорамна нават доктару — карацей, замкнёнае кола.
— Нармальная вагіна не пахне ружамі, і ўжо дакладна няма патрэбы рабіць так, каб яна ўсё ж імі пахла. Вагінальныя парфумы могуць прынесці вам больш шкоды, чым карысці, — упэўненая гінеколаг з Індыі Аруна Калра.
Тое, што пах вашых геніталій заўважаць іншыя людзі, наогул малаімаверна. Напрыклад, пару гадоў таму ў сацсетках быў трэнд на «вабінг»: жанчыны выкарыстоўвалі ўласныя вагінальныя выдзяленні ў якасці парфумы, наносячы іх на запясці і за вушамі, — як запэўнівалі некаторыя блогеркі, гэта нібыта павышала іх сэксуальную прывабнасць.
У феномене разбіраліся нават аўтарытэтныя навуковыя выданні — у прыватнасці, The Conversation нагадваў, што навукоўцы пакуль не прыйшлі да кансэнсусу, ці працуюць ферамоны (па сутнасці, прадукты сакрэцыі) на чалавечы нюх, а калі працуюць, то як менавіта.
Зрэшты, тыя, хто паспрабавалі вабінг, мяркуючы з усяго, ніякіх негатыўных водгукаў так і не атрымалі. Нават наадварот, запэўнівалі, што такая практыка моцна прыцягвае ўвагу мужчын.
— [Мой бойфрэнд] чатыры разы сказаў мне, як класна я пахну, што ён не можа дачакацца магчымасці прывезці мяне да сябе дадому, і спытаў, што ў мяне за новая парфума. Ён быў вельмі нецярплівы, — пісала слухачка падкаста Secret Keepers Club, дзе яшчэ ў 2018 годзе згадвалі пра вабінг.
Петра Бойнтан таксама раіць не панікаваць, а завесці дзённік і запісваць туды назіранні цягам тыдня. Паназірайце, што змяншае пах або ўзмацняе яго, прысутнічае пах заўсёды ці толькі ў пэўныя гадзіны дня. Магчыма, вы заўважыце, што ён асабліва моцны пасля нашэння пэўнага адзення або спажывання некаторых прадуктаў, у перыяды інтэнсіўных выдзяленняў або, наадварот, знікае цалкам — пасля душа.
Хутчэй за ўсё, так вы выявіце, што ў з’яўлення інтэнсіўнейшага паху ёсць цалкам відавочныя тлумачэнні накшталт багатага потаадзялення або авуляцыі, падчас якой эфект можа ўзмацняцца.
Іншая рэч, калі вагінальны пах здаецца падазроным ці моцна змяніўся і застаецца такім ўвесь апошні час. Тады, магчыма, рэч усё ж у інфекцыі, і паход да доктара адкладаць не варта. Выключэнні — менапаўза ці пачатак прыёму аральных кантрацэптываў: у гэты час гарманальны фон змяняецца, што ўплывае і на пэўную змену паху выдзяленняў. Але калі яго можна апісаць як «рыбны», «цыбульны», «тухлы» і ў цэлым непрыемны, да таго ж самі вядзяленні таксама выглядаюць нетыпова (сталі шэрымі, жоўтымі ці зялёнымі, з прымешкай крыві, занадта густымі і гэтак далей), то разбірацца з праблемай варта гінеколагу.
Калі ж ёсць і іншыя сімптомы (дыскамфорт падчас сікання, пякота), то гаворка можа ісці пра захворванні, якія перадаюцца полавым шляхам. Таму ў такім выпадку адцягваць агляд у медыка дакладна не варта — гэта ўжо пытанне не эстэтыкі, а патэнцыйных праблем са здароўем.
У мужчын усё прасцей. Калі пах занадта моцны, магчыма, трэба проста надаць гігіене больш увагі
У мужчын зона геніталій, як правіла, пачынае інтэнсіўна пахнуць пасля актыўнай трэніроўкі, раніцай (асабліва калі перад сном быў сэкс ці мастурбацыя) і пасля доўгага працоўнага дня седзячы. Гэта абсалютна нармальна: у такім выпадку варта проста памыцца — пах мусіць знікнуць. Хутчэй за ўсё, гэта вырашыць праблему, бо ў асноўным жанчыны скардзяцца на непрыемныя пахі ад сваіх партнёраў толькі падчас сэксу — пасля таго, як тыя цалкам агаляюцца (а праз вопратку і ў звычайным жыцці іх не адчуваюць).
«Нясвежаць» ад поту часцей робіцца галаўным болем мужчын праз іх анатамічную будову. Вонкавае размяшчэнне яечкаў змушае іх церціся не толькі адно аб адно, але і аб скуру ног, пахвіны, што толькі ўзмацняе працу потавых залозаў. Знізіць эфект ад гэтага можна, выбіраючы свабаднейшую вопратку (у тым ліку і бялізну), а таксама мяккія сродкі для душа.
Асобна варта зазначыць, што геніталіі важна мыць не толькі калі яны ўжо пахнуць, а хаця б раз на дзень. Усё праз смегму — сумесь сакрэту палавых залозаў з часцінкамі адмерлай скуры і вільгаццю. Часцей за ўсё яна з’яўляецца ў неабрэзаных дарослых мужчын, але можа быць і ў жанчын.
Сама па сабе наяўнасць смегмы на геніталіях — не прыкмета хваробы, хоць пры належнай гігіене яна звычайна не з’яўляецца. Небяспека гэтай субстанцыі ў тым, што яна выдатна падыходзіць для размнажэння бактэрый. Калі забыцца на паходы ў душ і не надаваць увагі мыццю крайняй плоці, то шкоднасных мікраарганізмаў можа размножыцца так шмат, што яны выклічуць і непрыемны пах, і ў некаторых выпадках нават запаленне.
Калі ж вы ўпэўненыя, што выконваеце правілы гігіены, рэгулярна ходзіце ў душ, але пеніс і інтымная зона наогул усё роўна пахнуць непрыемна (і «рыбна», як у жанчын), то гэта сведчыць пра магчымае развіццё захворвання. Гэта можа быць і малочніца, і праблема з мочавыдзяляльнай сістэмай, і інфекцыя, якая перадаецца полавым шляхам — асабліва калі ёсць дадатковыя сімптомы (тэмпература, пякота падчас паходаў у прыбіральню, дзіўны пах мачы). Каб высветліць прычыну таго, што адбываецца, і падабраць лячэнне, без візіту да доктара не абысціся.
Чытайце таксама