Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  2. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  3. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  4. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  5. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  6. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  7. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  8. Умер папа Франциск
  9. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  10. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  11. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  12. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие для дискредитации Украины. Объясняем почему
  13. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  14. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  15. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
Читать по-русски


Экс-трэнеру брамнікаў мінскага «Дынама» і моладзевай зборнай Беларусі па футболе Дзянісу Парэчыну давялося з’ехаць з краіны крыху больш за год таму. Праз сваю пазіцыю (мужчына падпісаў ліст за сумленныя выбары) ён прапрацаваў усяго толькі дзень у салігорскім «Шахцёры». Цяпер Парэчын — трэнер у клубе «Сталь» чацвёртага па рангу дывізіёна чэмпіянату Польшчы. У інтэрв'ю «Люстэрку» ён падзяліўся меркаваннем пра тое, чым беларускі футбол саступае польскаму, расказаў пра асаблівасці характару брамнікаў, патлумачыў, чаго баіцца ў Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі, і ўспомніў сваю працу ў Навінках.

За апошнія два гады вы напэўна чулі выказванні чыноўнікаў пра тое, што «спорт па-за палітыкай». Але жыццё паказвае, што гэта не так: пасля 9 жніўня 2020-га сотні атлетаў падпісалі ліст супраць жорсткасці сілавікоў і за новыя выбары. Пасля многія з іх падвергліся ціску: былі вымушаныя з’ехаць з краіны, аказваліся на «сутках», атрымалі тэрміны па крымінальных справах. У праекце «Спорт у палітыцы» мы размаўляем з атлетамі, якія не пабаяліся гаварыць пра тое, што важна для вельмі многіх беларусаў.

Фото: из instagram - аккаунта Дениса Паречина
Дзяніс Парэчын. Фота: з архіва героя

Плэй-оф, масавасць, Еўропа

— У Польшчы чакаюць блізкага чэмпіянату свету па футболе ў Катары?

— Так, вельмі. Вялікі ажыятаж. Тут ёсць цікавасць да кожнай лігі. Я жыву ў невялікім горадзе Сталёва Воля, і нам таксама дастаецца нямала ўвагі. Што ўжо казаць пра нацыянальную зборную… Калі каманда гуляе, жыццё спыняецца. Кожны дзень эксперты робяць прагнозы, разбіраюць склад. Палякі чакаюць, што іх зборная выйдзе ў плэй-оф чэмпіянату свету. Група вельмі цяжкая (Аргентына, Мексіка, Саудаўская Аравія), але людзі настроеныя аптымістычна.

— Беларускія футбалісты калі-небудзь трапяць на чэмпіянат свету?

— Сумняваюся, што гэта адбудзецца пры маім жыцці. Для пачатку трэба ўсё памяняць у Беларусі — потым пра нешта памарым.

— У чым наш футбол саступае польскаму?

— Перш за ўсё — у масавасці. У Польшчы шмат дзіцячых школ: і прыватных, і тых, якія ўваходзяць у структуру клубаў. Напрыклад, у «Сталі» не менш за 200 займаюцца. Дзеці гуляюць і ў дварах — спецыяльна часам хаджу па горадзе і гляджу, якая тут сітуацыя. Усюды абсталяваныя пляцоўкі для футбола, валейбола і баскетбола. І ўсё гэта дае вынік. Хоць палякі таксама бурчаць, маўляў, «у наш час гулялі больш». Але не параўнаць з Беларуссю.

Далей — інфраструктура. У «Сталі», каб вы разумелі, ёсць свой стадыён на 3700 гледачоў, некалькі натуральных палёў, манеж са штучным полем і сінтэтычны газон пад адкрытым небам. І гэта каманда чацвёртага дывізіёна з горада з насельніцтвам 60 тысяч чалавек. У футболе няма дробязяў — усё ўзаемазвязана. Мусяць быць і добрыя ўмовы для трэніровак, і кадры. Да таго ж кіраванне спортам трэба даверыць прафесіяналам, а не генералам або міліцыянтам. Хіба што ў трэнерскім рэсурсе мы не прайграем. У Беларусі дастаткова дасведчаных спецыялістаў.

— У які момант пачалося падзенне нашага футбола?

— Былі нядрэнныя моладзевыя зборныя. Каманды траплялі ў фінальную частку чэмпіянатаў Еўропы, у 2012-м — на Алімпіяду. Але моладзь раствараецца пасля пераходу ў нацыянальную зборную. Цяпер значна прасеў і ўнутраны чэмпіянат. Пагоршылася фінансавае становішча клубаў. Выйсце — прабівацца за мяжу. Тады і зборная будзе больш паспяховай. Не зарабляць грошы ва ўмоўных «Хімках», «Арэнбургу», а праяўляць сябе ў добрых еўрапейскіх клубах.

— Што перашкаджае цяпер?

— Рэч у ментальнасці. Дасягаючы нейкага ўзроўню, нашы футбалісты не імкнуцца да большага. Нядзіўна, што беларусы неліквідныя ў Еўропе. Хлопцы саступаюць тэхнічна, фізічна. Не ўмеюць канкураваць. А ў той жа Польшчы малады футбаліст ніколі не будзе задаволены сваім становішчам. Нават калі рэгулярна выходзіць на поле. Ён хоча развівацца, марыць пра мацнейшы чэмпіянат. Ледзь-ледзь даў слабіну — адразу на яго месца прыйдзе іншы вельмі матываваны гулец.

Гаспадар, курыца, Жаўноў

— Вы працавалі сем гадоў у структуры мінскага «Дынама». Чаму каманда сёлета не змагла трапіць нават у тройку прызёраў?

— З боку здаецца, што не хапіла стабільнасці. Страчвалі ачкі на роўным месцы. Для больш дэталёвых ацэнак усё ж трэба знаходзіцца ўнутры каманды.

— Вы былі ў «Дынама», калі ім кіраваў і Юрый Чыж. Нешта змянілася пасля сыходу бізнесоўца?

— Многія крытыкавалі Чыжа за складаны характар, прыватныя трэнерскія адстаўкі. Але клуб страціў гаспадара — і гэтым усё сказана. Цяпер у «Дынама» няма кіраўніка. Сёння гэта як курыца з адсечанай галавой, якая бегае па коле. І вынік абсалютна не палепшыўся. Хутчэй, наадварот.

— Калі апошні раз ганарыліся беларускім футболам?

— Калі БАТЭ і «Дынама» гулялі на групавой стадыі еўракубкаў.

— Хто вам даў больш за ўсё як брамніку ў прафесійным плане?

— Бліжэй да канца кар’еры папрацаваў з Эдуардам Тучынскім. Потым у жодзінскім «Тарпеда» трэніраваўся з Андрэем Драздом, Аляксандрам Марцешкіным. Усе яны мне далі нямала. А перад гэтым профільных спецыялістаў па брамніках у беларускіх клубах, дзе гуляў, не было.

— Найлепшы галкіпер у гісторыі нашага футбола?

— Калі браць гады незалежнасці Беларусі, то гэта Юрый Жаўноў, на маю думку. Ён доўга трымаў марку ў зборнай і расійскіх клубах.

— А ў сусветным футболе хто імпануе?

— Вельмі падабаюцца два славенцы: Ханданавіч з «Інтэра» і Облак з «Атлетыка». У Польшчы таксама багаты выбар брамнікаў. Усе галоўныя прадстаўнікі гэтага амплуа гуляюць у чэмпіянаце Італіі. Багатая школа.

Фото: из instagram - аккаунта Дениса Паречина
Дзяніс Парэчын (другі справа) у трэнерскім штабе мінскага «Дымана». Фота: з архіва героя

Форма, шторы, Туміловіч

— Якія якасці патрэбныя сучаснаму брамніку?

— У луцкай «Валыні» доўга працаваў трэнер Віталь Кварцяны. Даслоўна не ўспомню цытату, але ён неяк сказаў прыкладна наступнае: «Брамнік — гэта чалавек, у якім жывуць усе віды спорту. Ён па бабах першы, у лазні першы, за сталом першы — усюды». З такіх людзей і атрымліваюцца галкіперы. Жарты жартамі, але нешта ў гэтым ёсць. У Польшчы, як я бачу, усё круціцца ў распранальні вакол брамнікаў. Калі першы нумар у «Сталі» яшчэ з халоднай галавой, то другі пастаянна трапляе ў нейкія пацешныя гісторыі.

— У хакеі часта кажуць, што брамнікі — асаблівыя людзі.

— Так ва ўсіх гульнявых відах спорту. Брамнікам проста зайздросцяць (смяецца). У іх самая прыгожая форма. Высокія, магутныя хлопцы — дзяўчатам часта падабаюцца.

— У вас былі забабоны?

— Нечага асаблівага не ўспомню. Але калі гуляў у Наваполацку, то быў у нас брамнік, які, калі ішоў дождж, увесь час завешваў шторы. Не любіў такое надвор’е і пачынаў мандражаваць. Да матча мог разоў 20 падысці да акна і праверыць, ці скончыўся дождж.

— А як вам гулялася ў кепскае надвор’е?

— Нармальна. Дождж, снег — усё роўна. Галоўнае, каб ветру не было.

— Вы, Хамутоўскі, Туміловіч, Вайцяховіч — нямала брамнікаў выступіла супраць гвалту ў Беларусі, хоць агулам мала футбалістаў выказвалася пра перамены. З чым вы гэта звязваеце?

— Складана сказаць. Не думаю, што пазіцыя на футбольным полі характарызуе чалавека. Але цікавы нюанс, так. Можа, нешта ў гэтым ёсць. Напрыклад, той жа Гена Туміловіч быў і застаецца неардынарнай асобай ва ўсім. Хамутоўскага таксама добра ведаю. Мы пазнаёміліся яшчэ ў «Атацы», калі тую трэніраваў нябожчык Якаў Шапіра.

Каранавірус, Глеб, «бандэраўцы»

— Вы іранічна гаварылі ў траўні гэтага года пра беларускі футбол: «Я спакойны [за яго], пакуль там ёсць такія людзі, як міністр спорту і турызму [Сяргей Кавальчук] - футбольны менеджар усяе Беларусі. Я ж працаваў у моладзевай зборнай і памятаю стаўленне да каманды. А пры гэтым яны яшчэ патрабуюць выніку». Сутыкаліся з Кавальчуком?

— Так, ён ладзіў хвілінкі ідэалогіі ў моладзевай зборнай. Як у старыя камсамольскія часы: «Гуляйце за радзіму, за сцяг». То Кавальчук, то кіраўнік футбольнай федэрацыі Базанаў праводзілі гутаркі. Але былі моманты, калі зборная магла дабірацца на матч па восем гадзін — гэта і паказвае рэальнае стаўленне. Памятаю, у сярэдзіне кастрычніка 2020-га праз каранавірус адмянілі наш матч у Нарвегіі. Сядзелі два ці тры дні ў гатэлі — нарвежцы не хацелі выпускаць. Толькі чартарам. Спачатку было катэгарычнае «не» з Беларусі. Ледзь-ледзь пытанне залагодзілі. У падобнай сітуацыі аказаліся перад гэтым і ў Партугаліі. Некаторыя гульцы праз некалькі дзён чакання ўсё ж змаглі паляцець у Беларусь, а іншыя, у каго быў станоўчы тэст на COVID-19, дабіраліся на мікрааўтобусах праз усю Еўропу.

— Да Аляксандра Глеба, які ніяк не рэагуе на тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне, памянялі стаўленне за апошнія два гады?

— Проста зрабіў для сябе высновы, што ў некаторых людзей няма стрыжня. Хоць, магчыма, мы не ведаем усіх абставінаў. Гэта выбар Глеба і тых спартоўцаў, хто закрывае вочы на тое, што адбываецца. Маўклівая згода. У Беларусі людзі становяцца ручнымі і жывуць пад пастаянным прэсінгам. Ад безвыходнасці — баяцца страціць працу. І так не толькі ў спорце.

— Чаму чалавеку не даюць права выбару?

— Свабоднай асобай цяжэй кіраваць. Мы вельмі даўно жывём у сістэме. Калі многія краіны пайшлі сваім шляхам пасля развалу СССР, то Беларусь нібы засела ў мінулым і пастаянна азіраецца назад. Вырасла пакаленне, якое ўсё жыццё жыве пры Лукашэнку. Страшнейшы не ён, а менавіта выбудаваная сістэма. Пасля сыходу Лукашэнкі будзе цяжка яе выкараніць. Не ўсведамляючы, многія сталі часткай рэжыму. Бо значна прасцей, калі за цябе думаюць, а не сам нясеш адказнасць за свае рашэнні. Людзі страцілі свабоду мыслення.

— Што вас падштурхнула да ад’езду з Беларусі?

— Знаходжанне ў «Шахцёры», калі я ўсяго дзень папрацаваў з камандай. Пэўныя людзі далі зразумець, што лепш з’ехаць з краіны. Хуценька сабраўся — і ў Польшчу.

— Прывыклі?

— Так, усё добра. Са мной 12-гадовая дачка. Заняты любімай справай: трэнірую брамнікаў у галоўнай камандзе «Сталі» і працую з хлопцамі клубнай акадэміі. Яшчэ адказваю за разбор дзеянняў сапернікаў падчас падрыхтоўкі да матчаў. Падцягваю мову. Горад спакойны і камфортны. Палякі тут да беларусаў добра ставяцца.

— А ўкраінцы?

— Быў выпадак, калі афармляў від на жыхарства. Мой пашпарт убачыла сям’я, якая сядзела ў чарзе. Яны так паглядзелі і пасля паўзы: «З Беларусі? А што тут робіш?» Пагаварылі, я расказаў сваю гісторыю… Усё гэта балюча, вядома. Напрыклад, мая цётка і дзве стрыечныя сястры сустрэлі вайну ў Харкаве. Пасля 2014 года яны думалі, што, можа, з Расіяй ім будзе лепш, чым з «западэнцамі» і «бандэраўцамі» — тэлевізія на ўсходзе Украіны добра прамывала людзям мазгі. А цяпер толькі плююцца на пытанне пра «вызваліцеляў».

У Сталёвай Волі, дарэчы, нядаўна гуляў львоўскі «Рух» з «Галатасараем» у юнацкай лізе. Дык украінскаму трэнеру дапамагалі купляць электрагенератар. Страшна, што людзі без святла і цяпла сядзяць па сховішчах.

Фото: из instagram - аккаунта Дениса Паречина
Пераможная распранальня «Сталі» пасля матча чэмпіянату Польшчы. Дзяніс Парэчын (крайні справа ў ніжнім шэрагу). Фота: з архіва героя

Вайна, Пікуль, Акрэсціна

— Палякі баяцца, што вайна іх закране?

— Так. Думаю, гэта адна з прычын, чаму яны так актыўна сталі дапамагаць украінцам. Ведаюць, што наступныя могуць быць яны. Палякі не баяцца, што ў іх не хопіць газу, вугалю, дроваў або грэчкі. Як і для ўсіх нармальных людзей, галоўны страх — вайна.

— Прэс-аташэ жодзінскага «Тарпеда» Сяргей Пузанкевіч прыводзіў у прыклад Парэчына і іншых брамнікаў, што з вамі было найбольш цікава гутарыць на розныя тэмы. Любіце чытаць?

— Цяпер мала часу на мастацкую літаратуру. Вывучаю ў асноўным спартыўную. На польскай прачытаў біяграфію Алекса Фергюсана. Збіраюся брацца за Гвардыёлу. Гэта карысна ва ўсіх аспектах. А так люблю больш кнігі на гістарычныя тэмы. Напрыклад, у маладосьці прачытаў усяго Пікуля. Шмат цікавіўся гісторыяй ВКЛ, Рэчы Паспалітай.

— Футбалісты нямала чытаюць?

— У мой час дастаткова. Вылучу Колю Януша. Жэня Лашанкоў наогул браў на тыдзень па пяць кніг — за дзень нейкі твор паспяваў праглынуць!

— Да ад’езду ў Польшчу вы працавалі пяць месяцаў санітарам у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Што дало той час?

— Камунікацыя з дактарамі-псіхіятрамі на многае адкрывае вочы. Яны вялікія прафесіяналы. З калектывам мне пашанцавала. Убачыў, што існуе іншая рэальнасць. Гэта было незвычайна. Хутка разумееш, што жыццё можа зрабіць з чалавекам.

— Самы незвычайны пацыент, калі можна так выказацца?

— Усе жанчыны. Яны маглі раздзецца, палезці ў бойку, кінуцца на дактароў — трэба было рыхтавацца да ўсяго. Праца павышанай рызыкі. Сустракаў нямала тых, хто апынуўся ў Навінках пасля жніўня-2020. Людзі прайшлі праз Акрэсціна, турмы, а потым іх дастаўлялі ў псіхдыспансер. Памятаю, адзін хлопец перад Навінкамі правёў паўгода ў СІЗА Жодзіна… Мне нават цяжка ўявіць, як шмат рэчаў выплыве, калі ўсё скончыцца.