Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Раман Пратасевіч, які не мог знайсці працу, усё ж знайшоў крыніцу заробку
  2. Беларусы ацанілі спробу ўладаў прымусіць іх перастаць абмяркоўваць прыезд пакістанцаў. Атрымалася сумна і трапна
  3. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  4. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  5. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
  6. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  7. «Дарожнымі знакамі абазначацца не будуць». У ДАІ з'явіліся новыя сістэмы фіксацыі — парушальнікі атрымаюць «лісты шчасця»
  8. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  9. Аздаравіў за мяжой сотні тысяч дзяцей, але сам памёр ад лейкеміі. Гісторыя чалавека, які ратаваў беларусаў ад наступстваў Чарнобыля
  10. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  11. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  12. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  13. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
Читать по-русски


Аляксандр Гойшык /

З таго моманту, калі ісламісцкі рух «Талібан» захапіў уладу ў Афганістане ў 2021-м, прайшло амаль чатыры гады. Ісламісты абяцалі, што ў краіне застануцца СМІ, якія будуць крытыкаваць уладу, а жанчыны працягнуць працаваць і атрымліваць адукацыю, але выйшла іначай. У гэтую краіну са складанай з усіх бакоў сітуацыяй патрапіў салігарчанін Аляксандр Гойшык. Перад вамі першая частка расповеду пра яго прыгоды ў краіне, дзе ў жанчын амаль не засталося правоў, а ўладу прадстаўляюць маладыя талібы са зброяй, якія не ўмеюць чытаць.

Аляксандр Гойшык у Кабуле, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Аляксандр Гойшык у Кабуле, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Першыя ўражанні: смешныя і страшныя талібы, мітуслівы і чысты Кабул

Выезд з Пакістана выдаўся даволі напружаным. Нас з Джавані (хлопец з Італіі, з якім мы выпадкова пазнаёміліся ў Пакістане і з якім нам было па дарозе) некалькі разоў правяралі, задавалі процьму пытанняў: хто мы, чаму тут, куды едзем? У чарзе на мяжы пазнаёміліся з цікавым суразмоўцам — афганцам з украінскім пашпартам. Хамід калісьці меў бізнес у Адэсе, там засталася яго сям’я. Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ён прыехаў у Афганістан і застаўся — ужо тут пабудаваў новае жыццё, завёў другую сям’ю, распачаў бізнес у Кабуле. Ён пераконваў нас, што зараз у Афганістане ўсё нармальна: «Талібы навялі парадак, цяпер тут нават лепш, чым у Пакістане!»

Але на афганскім баку чакаў непрыемны сюрпрыз. Нас завялі ў памяшканне спецслужбаў «Талібана», дзе пачаўся сапраўдны допыт. Супрацоўнікі былі відавочна напружаныя, размаўлялі груба і пачалі ўважліва правяраць нашы тэлефоны. Добра, што я загадзя схаваў фатаграфіі з прыватных заводаў зброі ў Пешавары — калі б іх знайшлі, сітуацыя магла скончыцца зусім інакш. Талібы гарталі галерэі, распытвалі пра кожнае фота, рабілі скрыншоты і некуды адпраўлялі па WhatsApp.

Памежны пераход паміж Пакістанам і Афганістанам, версень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Памежны пераход паміж Пакістанам і Афганістанам, версень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Атмасфера станавілася ўсё больш непрыемнай — пытанні сыпаліся адно за адным: «Хто вы? Навошта тут? Чаму так шмат фотаздымкаў?» Адказ, што мы падарожнікі і блогеры, не задавальняў. Яны відавочна шукалі нешта большае. Пад раздачу трапіў і Хамід. Яму сказалі нешта на пушту (адна з афганскіх моў), і твар Хаміда імгненна змяніўся. Мужчына адразу некуды знік. Пасля напісаў, што яму пагражалі праблемамі, калі ён будзе нам дапамагаць.

Прайшло хвілін сорак, і раптам усё змянілася. Нечакана паводзіны нашых «следчых» рэзка памяняліся — ім прыйшло нейкае паведамленне «зверху». Яны зрабіліся ветлівыя, нават усміхаліся. Папрасілі прабачэння:

— Усё добра, ніякіх праблем. Сардэчна запрашаем у Афганістан! Прыемнага і бяспечнага падарожжа!

Вось такім, мякка кажучы, змазаным атрымалася першае знаёмства з краінай. Дарэчы, відэа пра гэтыя прыгоды можна паглядзець на YouTube-канале Джавані.

Жабракі на мяжы Пакістана з Афганістанам, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Жабракі на мяжы Пакістана з Афганістанам, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

На выхадзе з КПП можна было памяняць пакістанскія рупіі на афгані па даволі выгадным курсе. Толькі мы апынуліся на вуліцы, нас абляпіў натоўп дзяцей, якія вельмі нахабна жабравалі. Яны былі вельмі настойлівымі, ледзь не залазілі ў кішэні, нават спрабавалі сцягнуць з майго заплечніка турыстычны дыванок. Гэта яшчэ дадало негатыву да першага знаёмства з Афганістанам.

Насілу прабіўшыся праз натоўп, мы селі ў калектыўнае таксі, якое за 700 афгані (каля 10 долараў) давезла нас да Кабула. 220 км маляўнічай дарогі ў на дзіва добрым стане і бясконцыя палі з сонечнымі батарэямі (напэўна, спадчына амерыканцаў). У Афганістане праблемы з электрычнасцю значна больш сур’ёзныя, чым у суседнім Пакістане. Мяркуючы па ўсім, «акупацыйная» амерыканская адміністрацыя спрабавала неяк развіваць тутэйшую інфраструктуру.

Пастаянныя праверкі на вуліцах і «таталітарная» чысціня

У Кабуле ўжо чакаў хост па каўчсёрфінгу. Тут гэта не зусім легальна, бо паводле правілаў «Талібана» замежнікі не могуць начаваць у мясцовых жыхароў без спецыяльнага дазволу новых улад. Але Рахім быў звязаны з гэтай самай уладай: яго дзядзька займаў высокую пасаду ў «Талібане». Апроч нас у яго ўвесь час жылі сябры з ягонага роднага горада.

Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Рахім сустрэў нас гасцінна і дапамог зарыентавацца ў афганскай сталіцы. У першы вечар адбылася даволі напружаная дыскусія, калі звязаныя з «Талібанам» і вельмі антыамерыканскі настроеныя афганцы пачалі пераконваць мяне, што Расія мае рацыю, напаўшы на Украіну. У ход ішлі самыя прымітыўныя аргументы крамлёўскай прапаганды. Як аказалася, тэлеканал RT (Russia Today) тут даволі папулярны. Гэта стала няслабым шокам: «Вораг майго ворага — мой сябар!» Той факт, што некалі СССР таксама напаў на Афганістан, маімі суразмоўцамі неяк старанна ігнараваўся.

Першае, што трэба зрабіць у Кабуле, — атрымаць спецыяльны дазвол на падарожжа па ўсім Афганістане і асобна па сталіцы. Гэтую працэдуру потым мне прыйдзецца праходзіць у кожнай правінцыі, дзе давядзецца пабываць. Аднак сам працэс даволі просты, трэба наведаць аддзяленне Міністэрства турызму «Талібана».

У Кабуле нас сустракаў чыноўнік, які нядрэнна гаварыў па-англійску, і ўсё звялося да чыстай фармальнасці: прад’явіць ксеракопію дакументаў, запоўніць кароткую анкету — і ўсё гэта бясплатна. Дазвол выпісалі ад рукі прама на месцы. Але, як паказала практыка, гэтыя паперы не заўсёды мелі вагу. Маладыя байцы «Талібана», якія часта займаліся праверкамі на шматлікіх блокпастах, нярэдка нават не разумелі, што гэта за дакумент, а часам не ўмелі чытаць. Асабліва смешна было, калі яны правяралі нашы пашпарты, трымаючы іх дагары нагамі.

Супрацоўнік міністэрства турызма (па цэнтры), які выдаў Аляксандру і яго знаёмаму дазвол на перабыванне ў Кабуле і ва ўсім Афганістане. Фота: Аляксандр Гойшык
Супрацоўнік Міністэрства турызма (па цэнтры), які выдаў Аляксандру і яго знаёмаму дазвол на прабыванне ў Кабуле і ва ўсім Афганістане. Фота: Аляксандр Гойшык

Але праверкі былі даволі частымі і непрадказальнымі, асабліва ў Кабуле. Нашы спробы апрануцца ў нацыянальнае адзенне, каб змяшацца з натоўпам, не вельмі працавалі: варта было толькі дастаць тэлефон або сфатаграфаваць нешта, як адразу з’яўляліся ўзброеныя людзі з пытаннямі: «Хто ты? Што ты тут робіш? Навошта фатаграфуеш?» Адзін раз нас нават дагналі, калі мы ехалі ў таксі, і прымусілі Джові выдаліць фота.

«Талібан» кантралюе ўсё, яны паўсюдна, асабліва ў сталіцы. Аднак у большасці выпадкаў нашага дазволу з міністэрства хапала, і пасля кароткай размовы нам зычылі добрага падарожжа. Вельмі дапамагала тое, што Джові размаўляў на ўрду: у адрозненні ад англійскай, некаторыя талібы маглі камунікаваць на пакістанскай мове. Аднак пачуццё стрэсу мяне першыя дні не пакідала.

Адной з нечаканасцей стала адносная чысціня Кабула, асабліва ў параўнанні з Пешаварам і іншымі гарадамі Пакістана. Мой унутраны беларус быў у вялікім здзіўленні. Як нам растлумачылі, гэта адзін з эфектаў жорсткага кантролю «Талібана»: мясцовых жыхароў абавязваюць падтрымліваць парадак на вуліцах. Чысціня часта з’яўляецца прыкметай таталітарызму — каму як не беларусам пра гэта ведаць. Да прыходу «Талібана» цэнтр Кабула быў у жудасным стане: паўсюдна можна было бачыць сотні нарказалежных, якія проста на вуліцах ці пад мастамі ўжывалі цяжкія наркотыкі. Новая ўлада паспрабавала «ачысціць» горад, і вонкава гэта неяк атрымалася.

Але навесці парадак на праезжай частцы — пакуль не. Рух у Кабуле — гэта хаос, увесь час коркі. Паліцыя кіруе трафікам вельмі своеасабліва: інспектары могуць біць па машынах дубінкамі або нават праколваць ім колы. Гэта ўсё яшчэ больш дадавала каларыту.

Савецкія Чаромушкі, крэпасць Бала-Хісар і птушыны базар

Адзін з самых вядомых гістарычных аб’ектаў горада — каралеўскі палац Дарул Аман. У сваёй гісторыі ён неаднаразова станавіўся арэнай ваенных дзеянняў. Палац быў пашкоджаны падчас савецкай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і падзення рэжыму талібаў. На працягу многіх гадоў заставаўся ў руінах, але нядаўна быў адноўлены і зараз з’яўляецца адным з сімвалаў нацыянальнага адраджэння.

Каралеўскі палац Дарул-Аман, Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Каралеўскі палац Дарул Аман, Кабул, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Падчас наведвання палаца здарылася цікавая гісторыя. Да мяне прычапілася група маладзёнаў, якія нібыта хацелі папрактыкаваць англійскую. Распытвалі пра маё падарожжа, ці падабаецца мне Кабул і гэтак далей. Раптам пачалі цікавіцца маёй рэлігіяй і настойліва пераконваць перайсці ў іслам. Па мусульманскіх правілах, для гэтага неабходна тры разы сказаць спецыяльнае «заклінанне», і яны назойліва ўгаворвалі мяне паўтараць за імі. Гэта было дзіўна і непрыемна, прыйшлося нават прыкрыкнуць, каб адчапіліся. Нешта падобнае са мною паўтарыцца ў Саудаўскай Аравіі, непадалёк ад свяшчэннай для мусульманаў Мекі.

У Кабуле ёсць раён з дзіўнай для Афганістана назвай — Чаромушкі. Менавіта тут у савецкія часы жылі спецыялісты з СССР. Раён тыпова панэльны, да болю знаёмы нашаму воку. Іронія ў тым, што цяпер ён адзін з самых дарагіх і прэстыжных у Кабуле. Панэлькі з мясцовым каларытам, спякота, што нагрэвае сцены, і аднолькавыя балконы — адразу ўспомніліся аналагічныя кварталы ў Таджыкістане ці Узбекістане. Савецкая архітэктурная рука ўсюды пакінула свой след, куды змагла дацягнуцца.

Раён Чаромушкі ў Кабуле, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Раён Чаромушкі ў Кабуле, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Сапраўдным адкрыццём стала крэпасць Бала-Хісар — старажытная цытадэль на ўзгорку, з якога адкрываецца захапляльны панарамны від на Кабул. Афіцыйна гэта ваенны аб’ект, і трапіць туды нельга. Але мы ўсё ж вырашылі рызыкнуць. На месцы нас сустрэлі ўзброеныя байцы, уважліва праверылі міністэрскія паперы — і, дзякучы веданню Джові мовы ўрду, проста махнулі рукой: «Праходзьце!» Сама крэпасць актыўна рэмантуецца. На ўзгорку ляжаць рэшткі разбітых савецкіх танкаў. Гэтае відовішча сапраўды ўражвае: адна справа бачыць іх па тэлевізары, іншая — ужывую. Зусім іншыя адчуванні.

Тут жа мы пазнаёміліся з маладымі талібамі, што дзяжурылі на блакпасту. Яны запрасілі нас на зялёную гарбату — як у Сярэдняй Азіі, у Афганістане гэта традыцыя. Падчас чаявання адбылася даволі камічная сітуацыя: адзін з байцоў папрасіў у мяне прымерыць акуляры ад сонца і пачаў уважліва разглядаць сцены. Потым высветлілася, што сярод талібаў існуе павер’е: маўляў, амерыканцы насілі такія акуляры, бо праз іх можна бачыць праз сцены, а людзей нават аголенымі. Мы моцна смяяліся, калі хост Рахім распавёў нам пра гэта.

Крэпасць Бала-Хісар, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Крэпасць Бала-Хісар, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Талібы з КПП каля крэпасці Бала-Хісар, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Талібы з КПП каля крэпасці Бала-Хісар, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Яшчэ адна каларытная лакацыя Кабула — птушыны базар. Сапраўднае месца для аматараў фаўны: сотні відаў птушак, клеткі, шум, пахі, гандляры з натхненнем расказваюць пра сваіх «крылатых сяброў». Тут можна набыць нават арлоў — адзін такі прыгажун каштаваў 120 даляраў. У мусульманскай культуры сабак трымаць не прынята — яны лічацца бруднымі жывёламі. Каты сустракаюцца, але нячаста. А вось птушкі — гэта статус, прыгажосць і хобі.

Баміян: нарэшце зробленая сім-карта і знаёмства з мясцовай сям’ёй

Пасля некалькіх дзён у Кабуле працягнулі падарожжа па Афганістане. Наступны пункт — Баміян, горад з унікальнай гісторыяй. Менавіта тут калісьці знаходзіліся велізарныя статуі Буды, высечаныя проста ў скале. У пачатку 2000-х «Талібан» знішчыў іх, нягледзячы нават на пратэсты з боку іншых мусульманскіх краін. Тое, што не здолелі сцерці тысячагоддзі, было зруйнавана за некалькі дзён.

Каб дабрацца да Баміяна, селі на маршрутку. З прыпынкам на абед прыкладна 200 кіламетраў мы ехалі каля пяці гадзін. Па прыездзе засяліліся ў гатэль, які знайшлі праз iOverlander — вельмі карысная аплікацыя для самастойных вандроўнікаў. За двухмесны нумар з гарачай вадой заплацілі каля 15 долараў з чалавека. Цалкам нармальны варыянт, асабліва ў такім месцы.

Бамьян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Калі казаць пра мясцовых, у Баміяне пераважна жывуць хазарэйцы — этнічная меншасць, якая вызнае шыізм (другі па колькасці прыхільнікаў кірунак ісламу пасля сунізму) і размаўляе на дары, мове іранскай групы. Цэнтральная ўлада ж у краіне належыць пуштунам — сунітам, якія складаюць прыкладна палову насельніцтва і гавораць на пушту. Улады абвінавачваюць у сістэмнай дыскрымінацыі этнічных меншасцей — хазарэйцаў, таджыкаў, узбекаў ды іншых. Гэта не заўсёды на паверхні, але людзі пра гэта кажуць — спакойна, быццам гэта ўжо звыклая частка жыцця.

Атрымаць рэгістрацыю ў мясцовым аддзеле турызма «Талібана» было таксама лёгка. Пасля я вырашыў паспрабаваць падключыць мясцовую сім-карту, таму што ў сталіцы зрабіць гэта не атрымалася. Нібыта афганскія ўлады ўвялі новыя правілы, якія вельмі ўскладнілі падключэнне мабільнай сувязі для замежнікаў. Таму аператарам было прасцей сказаць, што іх няма ў няўнасці.

У Баміяне гісторыя спачатку паўтарылася — з аднаго офіса мяне адправілі ў іншы. Але супрацоўнік там быў надзвычай добразычлівы: патэлефанаваў свайму сябру (аказалася, той працаваў у першым офісе), дамовіўся з ім і параіў ехаць назад. Якім жа было здзіўленне, калі выйшаў той самы хлопец, які зусім нядаўна адмаўляўся абслугоўваць. Але цяпер, паабяцаўшы сябру, ён ужо не мог адступіць — хоць і вельмі неахвотна, але ўзяўся за справу. Выявілася, што рэгістрацыя сім-карты для замежнікаў — гэта нейкі бюракратычны квэст, якім ніхто асабліва не хоча займацца. Давялося чакаць каля гадзіны, каб атрымаць доўгачаканае падключэнне. Каштавала гэта амаль 20 долараў за 5 ГБ мабільнага інтэрнэту. У Азіі, як і ў Лацінскай Амерыцы, усё часта працуе менавіта так: трэба шмат цярпення і настойлівасці, некалькі колаў па розных офісах — і ўсё атрымаецца.

Даліна Дракона, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Даліна Дракона, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Калі мы нарэшце паспяхова прайшлі гэты квэст, было ўжо даволі позна, таму вырашылі перанесці наведванне знакамітых скульптур Буды — а дакладней, таго, што ад іх засталося, — на наступны дзень. У той вечар паехалі ў іншае цікавае месца непадалёк ад Баміяна — Даліну Дракона. У таксі мы пазнаёміліся з цікавым хлопцам, які гаварыў на выдатнай англійскай. Заман зладзіў нам шыкоўную экскурсію, паказаў самыя цікавыя месцы ў гэтай далiне, а потым нават запрасіў да сябе дадому.

Так мы пазнаёміліся з ягонай сям’ёй: жонкай і маленькай дачкою. Маладыя бацькі добра размаўляюць на англійскай, якую вывучылі на бясплатных курсах, што калісьці арганізоўвалі амерыканцы. Жонка Замана вучылася ва ўніверсітэце ў Кабуле, пакуль яго не закрылі талібы. Цяпер сядзіць дома, як і ўсе жанчыны ў Афганістане, бо вышэйшая адукацыя для іх забароненая. Калі мы гаварылі пра становішча жанчын, пачуў адзін з «афіцыйных» аргументаў, які любяць прыводзіць талібы: маўляў, жанчыны — гэта як бульба. Калі бульбы шмат і яна ўсюды — яна нічога не вартая. А калі яе мала і яна недаступная — цэніцца вышэй. Таму жанчына павінна быць дома, схаваная, каб не страціць сваю «вартасць».

Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Баміян, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

На практыцы так і ёсць — у сучасным Афганістане правы жанчын практычна скасаваныя. Ім забаронена вучыцца ў старэйшых класах і ўніверсітэтах, амаль немагчыма працаваць, а для перамяшчэння па-за домам часта патрабуецца суправаджэнне сваяка-мужчыны. Многія міжнародныя арганізацыі называюць Афганістан адной з найгоршых краін у свеце для жанчын. І яшчэ адзін штрых да пануючай у краіне атмасферы: галоўны офіс «Талібана» ў Баміяне размясціўся ў былым будынку Камісіі па правах чалавека. Праўда, даволі сімвалічна?

Тут былі Буды і фестывалі бульбы

Ранкам мы пайшлі глядзець на тое, што засталося ад знакамітых скульптур Буды, якімі раней славіўся Баміян. Найбуйнейшыя ў свеце, вышынёй 38 і 55 метраў, яны былі высечаныя ў скалах яшчэ ў VI стагоддзі. Гэта была святыня і культурны цэнтр на Шаўковым шляху. На жаль, у 2001 годзе Талібан знішчыў іх, нягледзячы на пратэсты з усяго свету.

Засталіся толькі нішы ў скале і памяць пра вялікую цывілізацыю, якая калісьці квітнела ў гэтых гарах. Само месца вельмі ўражвае, адчуваецца ягоная шалёная энергетыка і гісторыя. Дадатковага каларыту дадалі маладыя талібы, якія яўна сумавалі і гулялі ў гульні на смартфоне. Яны праверылі нашы дакументы і хацелі паразмаўляць, але моўны бар’ер не дазволіў.

Месца ў скале, дзе да 2001 года была статуя Будды, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Месца ў скале, дзе да 2001 года была статуя Буды, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Проста насупраць гістарычных скал віруе спакойнае сельскае жыццё, людзі капаюць бульбу. Я быў зачараваны гэтым відовішчам — адразу вярнуліся ўспаміны з дзяцінства, нават пах быў такі самы. Я не мог не сфатаграфаваць: мясцовыя глядзелі з цікаўнасцю і лёгкім здзіўленнем. Дарэчы, Баміян лічыцца бульбяной сталіцай Афганістана — клімат тут спрыяльны, ураджаі багатыя. Раней нават праводзілі фестываль бульбы, але талібы яго забаранілі.

Недалёка ад палёў дзіўная сцэна: пакінутыя савецкія танкі, расквечаныя яркімі фарбамі. Дзеці лазяць па іх, як па дзіцячай пляцоўцы. Вайна і мір у гэтай краіне суіснуюць літаральна поруч. Менавіта тут мы пазнаёміліся з мясцовай YouTube-зоркай — вядомым блогерам Абдулой. Ён запрасіў на вячэру, пачаставаў традыцыйнымі стравамі і запісаў з намі інтэрв'ю.

У Абдулы незвычайны лёс. Некалькі гадоў ён жыў у Пакістане і чакаў нямецкую візу. Ягоны кейс ужо быў ухвалены, але пасля тэракту ў Германіі, учыненага афганскім бежанцам, усе падобныя справы анулявалі. Абдула быў вымушаны вярнуцца на радзіму, пачаў весці блог, супрацоўнічаць з замежнымі СМІ, хутка стаў вядомым.

Людзі збіраюць бульбу у Бамьяне, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык
Людзі збіраюць бульбу у Баміяне, Афганістан, верасень 2024 года. Фота: Аляксандр Гойшык

Але адно з відэа не спадабалася «Талібану» — мужчыну арыштавалі і трымалі ў турме восем дзён. Вызвалілі з умовай «не займацца палітыкай». Тата Абдулы ў савецкія часы вучыўся ў Кіеве і нават быў у Мінску на экскурсіі. Мы паразмаўлялі з ім па тэлефоне — на даволі чыстай рускай мове ён з цеплынёю згадваў БССР.

Вечар выдаўся надзвычай цікавы і пазнавальны — мы шмат даведаліся пра сучасны Афганістан. Людзі тут, здаецца, радыя, што ў краіне нарэшце пануе мір і спакой: больш не чуваць стрэлаў, няма штодзённых тэрактаў, як гэта было яшчэ зусім нядаўна. Аднак эканамічная сітуацыя, кажуць, пагоршылася. Пры амерыканцах было больш працы, цяпер жа выжываюць тыя, хто мае сувязі з талібамі. Астатнім — вельмі няпроста.

На гэтым маё падарожжа па Афганістане не скончылася — наперадзе было шмат цікавага. Але падрабязнасці — ужо ў наступнай частцы.