Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  2. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  3. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  4. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  5. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  6. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  7. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  8. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  9. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  10. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  11. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  12. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  13. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  14. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  15. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
Читать по-русски


/

У Беларусі распадаецца больш чым палова шлюбаў, і днямі сталі вядомыя самыя папулярныя прычыны гэтага. Выявілася, што праз шлюбную нявернасць пары разводзяцца радзей за ўсё — у 7% выпадкаў. Праўда, здаецца, судовая статыстыка ўлічвае не ўсе разводы: у выпадку адсутнасці дзяцей і маёмасных спрэчак працэдура скасавання шлюбу праходзіць проста ў ЗАГСе, а прычыны рашэння мужа і жонкі агучваць не трэба. Тым не менш «Люстэрка» знайшло людзей, якія сцвярджаюць: іх шлюб разбурыўся менавіта праз нявернасць аднаго з сужэнцаў. Мы спыталі, як выглядалі іх адносіны да таго, як здрада ўскрылася, і ці былі спробы ўсё ж захаваць сям’ю.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / RDNE Stock project
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / RDNE Stock project

Усе імёны ў тэксце змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Дапамагла купіць мужу добрую машыну, на якой часцей ездзіла яна, а не я»

Са сваім мужам — цяпер ужо былым — Юлія пазнаёмілася трохі больш за дзесяць гадоў таму. Тады ёй было крыху за 20 — амаль адразу маладыя людзі пачалі сустракацца. Адносіны пара ўзаконіла ўжо праз два гады. Але з дзецьмі не спяшаліся: са словаў Юліі, хацелі спачатку «стварыць для гэтага ўмовы», бо ў іх выпадку на фінансавую дапамогу бацькоў разлічваць не даводзілася.

— Па-мойму, шлюб быў цалкам нармальны. Вядома, сваркі ў нас бывалі, але ў параўнанні з сямейнымі сваркамі маіх сябровак, якія суткамі не размаўлялі з мужамі і спалі з імі ў розных ложках, нашыя рознагалоссі здаваліся дзіцячым садком, — мяркуе суразмоўніца. — Муж, можна сказаць, стаў музай для мяне: натхняў развіваць мае творчыя якасці. Ён таксама стараўся і імкнуўся зарабляць пабольш.

Праблемай стала тое, што «стварыць умовы» для будучых дзяцей усё роўна аказалася не так проста. У горадзе, дзе жыла сям’я, цяжка знайсці працу, якая была даспадобы і прыносіла годны заробак. Спачатку Юлія выкладала ва ўніверсітэце, а потым вырашыла паспрабаваць пайсці ў сістэмныя адміністратары. І «зразумела, што знайшла сябе» — аказалася, ёй цікавей працаваць з тэхнікай, а не з людзьмі.

— Я часта праглядала вакансіі і нічога добрага не знаходзіла. А потым мая аднагрупніца, якая даўно з’ехала ў Санкт-Пецярбург, прапанавала прыехаць глянуць, што ды як. Так я паехала туды «на разведку», а муж застаўся ў Беларусі. У яго было нядрэннае месца ў сферы лагістыкі, кідаць якое, пакуль незразумела дзеля чаго, не хацелася, — расказвае Юлія.

Пагадзілася паехаць жанчына лёгка: кажа, «давярала мужу больш, чым сабе». На той момант яны былі ў шлюбе ўжо больш за тры гады, ды і план на будучыню таксама быў ужо акрэслены. Муж Юліі таксама збіраўся пераехаць у Расію.

— Я знайшла там працу з добрым заробкам, частку яго аддавала мужу і дапамагала яму сабраць на новы аўтамабіль, — успамінае суразмоўніца. І дадае: — Менавіта на адлегласці я зразумела, што жыву сустрэчамі з мужам, што сапраўды бачу нашую будучыню, што хачу з ім дзяцей. Нават калегі заўважалі мае светлыя вочы, калі я вярталася пасля выходных, прабаўленых у Беларусі.

Аднак прыкладна праз год такога жыцця на адлегласці выявілася, што не ўсё так цудоўна. Чарговым разам, калі Юлія прыехала дадому да мужа, яна, як звычайна, вырашыла скарыстацца камп’ютарам. Ён быў у сям'і адзін і ім карысталіся абое.

— Проста на аўтамаце вырашыла пачысціць кошык працоўнага стала. Не ведаю, што мяне пацягнула адкрыць яго спачатку, але ў мініяцюрах файлаў я ўбачыла выяву жаночых ног. Яны былі не мае, — заўважае Юлія. — Я аднавіла файл і трапілі ў папку, куды Viber захоўвае выявы з перапісак. Там я ўбачыла і іншыя фота. Гэтай жанчыны, мужа з ёю, яе гумкі для валасоў на стале нашай кватэры… Я не магла паверыць, што такое здарылася са мной. Я не ўсведамляла тое, што адбываецца, стан шоку быў.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Israel Torres
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Israel Torres

Паводле жанчыны, здавалася, ёй «уваткнулі нож у спіну». Спачатку віны за тое, што з’ехала на заробкі ад мужа, яна не адчула. Кажа, не раз пераконвала мужа, што можа прыязджаць хоць кожныя выходныя: дазвалялі і графік, і грошы. Але той сам адмаўляўся.

— Праблем у сэксе ў нас таксама не было ніколі, нават калі ён ужо, як потым высветлілася, пачаў здраджваць. Па тэмпераменце ў мяне лібіда актыўнейшае, таму адмовы, хутчэй, з яго боку здараліся. А з ёй ён займаўся сэксам проста ў нашым ложку, — апісвае суразмоўніца. — Прывозіў яе да нас дадому, «катаў» на прыроду… Я памятаю крыўду, што дапамагла купіць мужу добрую машыну, на якой часцей ездзіла яна, а не я. У выніку мы пагаварылі, і муж папрасіў даць яму шанец. Каханкай аказалася жанчына з яго працы. Яна была старэйшая, у разводзе і з дзіцем. Паводле словаў мужа, ён не думаў, што гэта ўскрыецца — лічыў, што «проста пагуляецца» і пераедзе да мяне.

Пасля той размовы Юлія папрасіла час на роздум. Яна хацела зразумець, ці зможа перажыць гэтую сітуацыю. І пасля выходных дома зноў з’ехала ў Расію на працу.

— Там мяне пачало жорстка кілбасіць: раніцай прачыналася — і адразу ліліся слёзы. Асабліва моцна прасела самаацэнка. Да таго як я знайшла тыя фатаграфіі, я была ўпэўненая ў сабе, думала, што я годная і добрая жонка, — кажа Юлія. — Днямі пракручвала ў галаве ўспаміны, складаючы пазл. Напрыклад, супастаўляла, калі ён не адказваў увечары, а потым скардзіўся, што суседзі шумяць і ён проста не выспаўся, лёг крыху раней…

Мужа, як успамінае Юлія, раздражнялі яе слёзы. Напружанне і зрывы заўважылі нават бацькі і сяброўкі, але жанчына саромелася падзяліцца з імі тым, што адбываецца. Замест гэтага вырашыла звярнуцца да псіхолага. Праз месяц сеансаў са спецыялістам Юлія зразумела, што ўсё роўна гатовая паспрабаваць будаваць з мужам будучыню, нягледзячы на «праселы давер».

— І вось я прыязджаю ў адпачынак дадому. Праз два тыдні, прабаўленых з мужам, ён заяўляе мне на прагулцы, што зразумеў: ён не хоча будаваць са мной сям’ю. Цяпер ён нібыта цвёрда перакананы, што ў адносінах не бывае сварак, як у нас, што мусіць быць жарсць 24/7. У нас жа яе не было, — расказвае жанчына. — У той момант у мяне перакуліўся свет. Я яшчэ толкам не акрыяла ад мінулага ўзрушэння, а тут наступнае. Я слухала, як ён казаў, што я прыгожая, разумная і добрая жонка, а праблема ў тым, што гэта ён не хоча сям’ю. У мяне ж проста цяклі слёзы па шчоках.

З таго моманту муж і жонка перасталі жыць разам, але разводзіцца не спяшаліся: у пашпарце ў абаіх проста стаяў штамп. Паводле Юліі, спярша яны хацелі вырашыць грашовыя пытанні: муж хацеў вярнуць суму, укладзеную ёю ў яго аўтамабіль. Нягледзячы на здраду, дзяліць маёмасць праз суд не хацелася нікому. Таму афіцыйна пара разышлася толькі праз два гады пасля самой здрады.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

— Мне здаецца, былы муж дагэтуль сам не ведае, чаго хоча ў гэтым жыцці, — лічыць Юлія. — Гледзячы на сваіх сяброў, ён бачыць, як у сем’ях жарсць знікае, застаецца толькі прыязнасць і сяброўства, але ён упэўнены, што ў яго так не мусіць быць. Думаю, у яго проста ў дзяцінстве не было перад вачыма мадэлі здаровай сям'і, у мяне ж акурат такая. Я спрабавала да яго дастукацца і растлумачыць, што адносіны ў руках абаіх, што заціханне пачуццяў — нармальна, але дарэмна.

Да сваёй каханкі, дарэчы, муж Юліі ў выніку таксама не сышоў.

«Чытаю — і не разумею нічога. Такія пяшчоты…»

Шлюб Івана скончыўся, як кажа ён сам, праз «адну нявінную эсэмэску». На той момант са сваёй жонкай мужчына пражыў 16 гадоў: пазнаёміліся яны яшчэ ва ўніверсітэце, пакуль вучыліся.

— Але гэта не значыць, што адносіны былі легкадумнымі, — адразу адзначае суразмоўца. — Да роспісу мы тры гады сустракаліся, прычым, па сутнасці, ініцыятаркай адносін была Наталля. Яна як магла старалася звярнуць на сябе ўвагу — і пасля я быў удзячны ёй за такую настойлівасць. І да, і пасля вяселля мяне ніколі не пакідала адчуванне, што мы і ёсць палоўкі аднаго цэлага.

Іван кажа, што кар’ера яго жонкі была звязаная з частымі раз’ездамі, а таксама ёй трэба было трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Менавіта таму з дзецьмі пара не спяшалася. Але калі Наталля пачала займацца па сваёй спецыяльнасці «справамі больш адміністрацыйнага характару», у пары нарадзілася двое дзяцей.

— Нягледзячы на гэта, кар’ера жонкі працягвала складвацца ўдала. У мяне праца таксама звязаная з камандзіроўкамі за мяжу, непрацяглымі, але даволі частымі. Дзяцей у перыяды нашай адсутнасці дапамагалі глядзець мае бацькі, — кажа Іван. — Так што расстанне і адлегласць, можна сказаць, сталі для нас нормай, і мы давяралі адно аднаму. Увогуле, я ўпэўнены, што 15 гадоў мы сапраўды не здраджвалі. Былі ўзорнай сям’ёй: жылі ў дастатку, летам ездзілі на мора, зімой каталіся на лыжах.

Тое, што жонка завяла раман за яго спінай, Іван нават не западозрыў. Кажа, той год выдаўся складаным: і ў Наталлі пастаянна былі цяжкасці на працы, і ў яго камандзіроўкі «з'ядалі» шмат сіл. Як у такім рэжыме можна завесці яшчэ і сувязь на баку, Івану і ў галаву не прыходзіла.

— Пасля цяжкага перыяду мы акурат вырашылі адпачыць на моры. У апошні дзень адпачынку сядзім у аэрапорце, чакаем паведамлення ад нашых сяброў, ці змогуць яны нас сустрэць па прылёце. Жонка адлучылася на пару хвілін — і тут я бачу, што на яе тэлефон прыйшло паведамленне. Натуральна, я не стаў яе чакаць і паглядзеў: мы ж чакалі весткі ад сяброў. Чытаю — і не разумею нічога. Такія пяшчоты… Першая думка: «Гэта нейкая памылка! Хтосьці пераблытаў нумар».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Athena Sandrini
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Athena Sandrini

Але літаральна праз пару секунд Іван ужо заўважыў, чыё прозвішча стаіць у графе «ад каго». Гэтага чалавека ён ведаў асабіста: дзелавы партнёр жонкі.

— Ён даўно дабіваўся ад маёй жонкі згоды на адну фінансавую ўгоду. Наташа нават абмяркоўвала са мной гісторыю знаёмства з ім. Маўляў, такі нахабнік, — успамінае Іван. — А ён узяў яе ў абарот вельмі па-майстэрску. Пачаў збліжацца, граць на яе самалюбстве. Рабіў учынкі, якія выглядалі як жэсты шырокай душы і пры гэтым дапамагалі ёй прасоўвацца па службе. І галоўнае — ён увесь час гаварыў, што яна найлепшая, што вартая большага. Відаць, так усё і пачалося, хоць я адразу і не зразумеў: настолькі давяраў жонцы, што нават сустракаў у аэрапорце іх разам. Ён жыў у Маскве, а жонка лётала туды па справах.

Іван кажа, што дадому з таго адпачынку яны вярталіся моўчкі. Яму абмяркоўваць сітуацыю не хацелася: прызнае, што на той момант «граў ролю пакрыўджанага». Наталля ж, паводле яго ўспамінаў, пасля самалёта «ўсю ноч праплакала».

— Гэта стала для мяне настолькі нечаканым, што немагчыма было паверыць, як подла ўсё выйшла. Сітуацыя дакладна не выглядала драматычна, як у кіно, калі героі кажуць: «Нам трэба сур’ёзна пагаварыць», — апісвае той час Іван. — Што рабіць, было абсалютна незразумела. Падаць на развод, вядома, стала маёй першай рэакцыяй.

Аднак да гэтага дайшло далёка не адразу. Сям’я вярнулася дадому, «раз'ехалася» па розных пакоях, і амаль тут жа Іван з’ехаў за мяжу ў запланаваную камандзіроўку. Мужчына спадзяваўся, што праца зможа яго адцягнуць і «прывесці ў сябе». Так і выйшла: прыйшло ўсведамленне, што ў выпадку разводу «альбо мне давядзецца стаць нядзельным татам, альбо жонцы». А дзеці ў пары былі яшчэ досыць маленькія — пакідаць іх без увагі абаіх бацькоў адразу не хацелася.

— Мяне хвалявала, наколькі ўсё далёка зайшло, — прызнаецца мужчына. — За час маёй адсутнасці жонка ўжо прывяла яго да сваёй мамы, якая заклікала яе адумацца. Не дапамагло: пасля прыезду я пачуў ад Наташы, што яна кахае яго і хоча з ім жыць. Але для мяне гэта гучала як незразумелая перспектыва. Ён жыве ў Маскве, у яго таксама свая сям’я. Я, дарэчы, звязваўся з яго жонкай — аказалася, яна ў курсе, такое «не ўпершыню».

Пасля гэтых сцэн, як кажа Іван, яго чакаў пакутлівы год. Ён цалкам занурыўся ў працу і стараўся аддаваць увесь вольны час дзецям.

— Мне хацелася нейкага пакаяння, хоць яго не было. Але і няшчасную жанчыну бачыць балюча, — адзначае суразмоўца. — Наташа практычна прасіла мяне дапамагчы справіцца з усім гэтым. Маўляў, я слабая жанчына, што мне рабіць? Прэтэнзіі, вядома, таксама гучалі. Кветак не дарыў, прыгожых словаў таксама не казаў. Але самае галоўнае — ён пераканаў яе, што яна «перажыла» нашыя адносіны і вартая большага.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Іван кажа, што ад напружання і нервовага стрэсу ў жонкі пачаліся праблемы са здароўем. Урэшце прыйшлі да таго, што Наталля захацела завязаць з адносінамі на баку. Так прыкладна праз год у мужа і жонкі «ўсё пайшло да замірэння».

— Жонка хадзіла да псіхолага, расказвала пра перажыванні, чаго не было ўжо даўно, бо жылі як чужыя, — расказвае мужчына. — Але ў адзін цудоўны момант яна не закрыла сваёй пошты — так мне стала даступная ўся гісторыя іх адносін. Мяркуючы з лістоў, пару месяцаў таму ў іх і праўда ўсё скончылася, але мне было ўжо няважна. А там — уся паўната. Уключаю прынтар і панеслася… Яна яму вершы, аказваецца, пісала. Увогуле, калі жонка вярнулася дадому, я яе сустрэў яе ж словамі, толькі адрасаванымі каханку.

Са словаў Івана, ад чытання было «немагчыма ўтрымацца». Хоць цяпер ён называе тыя дзеянні памылкай. У лістах ён убачыў «усю глыбіню падзення» Наталлі — і гэта, як лічыць Іван, стала ў першую чаргу невыносна для яе самой. Чым бы скончылася, калі б мужчына не знайшоў перапіскі, яму цяжка сказаць.

— На развод у выніку падала сама Наташа. Два разы адкладала, але ўсё ж падала, — успамінае Іван. Выявілася, што яна цяжарная ад каханка. Той арандаваў ёй кватэру — і яна туды пераехала.

З таго часу прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў. Як заўважае Іван, цяпер ён успрымае ўсё тое, што адбылося, «можна сказаць, нават з гумарам». Але тады сітуацыя здавалася яму сапраўдным вар’яцтвам.

— Думаю, калі хтосьці кажа пра іншыя прычыны разводу, не пра здраду, часта проста хавае праўду. Усё ж нявернасць асуджаецца ў грамадстве, вось людзі сябе і абяляюць, — разважае Іван. — Напрыклад, у маім атачэнні ўсе разводы адбыліся менавіта з гэтай прычыны. Цяпер я ўпэўнены, што ў любым разрыве вінаватыя абое, хоць тады мяне гэтая думка неяк крыўдзіла: я ж такі верны, гэта ўсё яна. Мая пыха патрабавала пакаяння, а трэба было праявіць любоў. Жыццё пасля здрады ёсць, патрэбнае толькі жаданне. Радуюся за тых, у каго атрымалася захаваць сям’ю.

У самога Івана асабістае жыццё ў далейшым склалася добра: ён сустрэў жанчыну, з якой разам ужо шмат гадоў і «жывуць душа ў душу». Мужчына кажа, што з часам боль і рознагалоссі з былой жонкай таксама мінулі, і цяпер яны нават «някепска камунікуюць».

Чытайце таксама