З’явілася інфармацыя пра рэйды сілавікоў па сваяках тых, хто з’ехаў за мяжу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Вядома, што людзей просяць угаварыць сваіх сваякоў вярнуцца ў Беларусь праз камісію па вяртанні. Вядома як мінімум тры выпадкі, калі да людзей звярталіся з такімі прапановамі», — гаворыцца ў паведамленні.
Праваабаронцы таксама нагадалі, што вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасці», супраць людзей распачыналі крымінальныя справы пасля вяртання з-за мяжы.
У лістападзе 2023 года асудзілі 30-гадовага брастаўчаніна Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у камісію па вяртанні. Яму прызначылі адзін год калоніі па ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Пры гэтым суд не прызнаў зварот у камісію «безумоўнай падставай для высновы пра яго раскаянне».
А ў снежні 2023 года прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз камісію. Жанчыну прымусілі расказаць, як ёй было кепска за мяжой і як яна, «паддаўшыся ўплыву», удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе. У выніку Таццяну чакае суд — ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК. Яна знаходзіцца на волі — пад закладам.
Распечатано с портала ZERKALO.IO