Беларускія сілавікі выпісалі ўжо 145 ордараў на арышт маёмасці тых, хто праходзіць па «справе Каардынацыйнай рады» і быў вымушаны з’ехаць з краіны. Deutsche Welle сабрала гісторыі і каментары.
У Беларусі пачалі працэс канфіскацыі ўласнасці публічных палітыкаў, экспертаў і актывістаў. У лістападзе 2023-га ў межах крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады і іншых структур беларускіх дэмсілаў прайшоў вялікі рэпрэсіўны «рэйд» сілавікоў: больш за 130 ператрусаў, 145 пастановаў пра арышт маёмасці. Па справе праходзіць больш за 100 чалавек. Мяркуючы з заяваў сілавікоў, гэта толькі пачатак. Але чаму менавіта цяпер і чаго чакаць? DW пагаварыла з тымі, каго гэта закранула, і даведалася меркаванне юрыста.
Андрэй Ягораў: «Арыштоўвалі нерухомасць — дом, кватэру»
З 28 лістапада сілавікі ў Беларусі пачалі прыходзіць у кватэры і дамы, дзе прапісаныя ці якімі валодаюць прадстаўнікі дэмсілаў, праз нібыта «спробу захопу ўлады» Каардынацыйнай радай (КР) у 2020 годзе.
Сілавікі лічаць, што КР стварыла за мяжой «пародыю дзяржаўнай сістэмы». «Офіс Ціханоўскай яны прыраўнялі да адміністрацыі прэзідэнта, Каардынацыйную раду — да пратапарламента, а Аб’яднаны пераходны кабінет — да ўрада», — так апісалі ў СК структуру дэмсіл Беларусі. У справе, паводле звестак МУС РБ, больш за 100 чалавек. Іх абвінавачваюць па шасці артыкулах КК РБ. Не ўсе імёны вядомыя: іх мусяць размясціць на сайце СК, на 8 снежня абнаўленняў не было.
— Мы ведаем пра больш чым 40 чалавек з КР, да якіх прыходзілі па месцах прапіскі або жыхарства, канфіскоўвалі тэхніку, дапытвалі сваякоў. Арыштоўваецца розная маёмасць, звычайна нерухомасць — кватэра, дом, пакой, — расказаў DW Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады.
Праваабаронцам вядома, што ператрусы прайшлі ў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, эканаміста Сяргея Чалага, палітолага Розы Турарбекавай, Міхаіла Таўбе з арганізацыі «Беларусы замежжа», праваабаронцы Рамана Кісляка, экс-кіраўніка «Маладога фронту» Артура Фінькевіча, гісторыка Паўла Церашковіча. Большасць з іх сітуацыю пакуль ніяк не каментуе.
«Гэты „рэйд“ звязаны з выбарамі»
«Справе КР» больш за год, але менавіта цяпер сілавікі разгарнулі актыўнасць.
— Інакш чым фальсіфікацыяй крымінальнай справы я назваць гэта не магу. Усіх трэба пасадзіць, а калі не атрымліваецца, то маёмасць забраць. Да некаторых на ператрус прыходзілі па шэсць чалавек, то-бок на 130 ператрусаў задзейнічалі 800 чалавек. Маштабная аперацыя, — кажа юрыст, дарадца па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
— Гэта самы буйны рэпрэсіўны рэйд за апошні час. Думаю, ён звязаны з выбарамі ў лютым 2024 года ў Беларусі і з выбарамі ў КР. Мэта — мабілізаваць свой электарат і запалохаць іншы бок, — лічыць Андрэй Ягораў.
Даведацца, што менавіта адбываецца, складана — усе датычныя людзі ў Беларусі пад падпіскай пра неразгалошванне. Тэарэтычна, калі ў чалавека стаяла пустая закрытая кватэра, ён не адразу даведаецца, што яна апячатаная.
«Апублікавалі фота ўзламаных дзвярэй кватэры»
У першую чаргу прыходзілі да публічных персон са структураў дэмакратычных сіл.
— Пра тое, што ў мяне быў ператрус, я даведалася, калі мне напісаў словы падтрымкі адзін з рэдактараў беларускіх незалежных медыя. Фота з маёй кватэры апублікаваныя на прапагандысцкім канале. Дзверы ўзламаныя, раскурочаныя. І потым — апячатаныя, — расказала DW прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
Паводле яе словаў, нешта падобнае чакалася.
— Нічога новага ці нечаканага. У Беларусі тысячы людзей сядзяць, дзясяткі тысяч праходзяць праз катаванні і арышты, людзі паміраюць за кратамі, ва Украіне ідзе вайна… На гэтым фоне ператрусы і арышты кватэр — не самае страшнае, — лічыць Красуліна.
На яе думку, «такія дзеянні паказваюць, што рэжым не ўяўляе, што рабіць далей»:
— Рэпрэсіі не выпраўляюць сітуацыю. Іншых інструментаў у іх няма. Няма і будучыні.
— Не мець нічога бывае перавагай, — лічыць удзельніца фемгрупы Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч.
Яна патлумачыла DW, што ў Беларусі да яе не прыходзілі, бо няма куды.
— У мяне і ў мужа нічога ў Беларусі няма, і яго самога там, на шчасце, таксама, — сказала Юлія.
Паводле яе словаў, бывала, што ў РБ мужа актывісткі выклікалі ў КДБ і тлумачылі, што жонка камунікуе не з тымі людзьмі.
«Што ў вашай справе, нават адвакат не скажа»
Ад людзей наўмысна хаваюць інфармацыю, лічыць Міхаіл Кірылюк:
— Можна наймаць адваката ў Беларусі. Але яму пакажуць пратакол ператрусу і скажуць: калі гэта дзесьці ўсплыве, ты сядзеш. — Твой падабаронны — не, а ты — так. Адвакат падпісвае распіску, што матэрыялы справы не распаўсюджвае. Вось і тэлефануе адвакат у Варшаву ці Вільнюс, паведамляе назву артыкула — і ўсё, — кажа юрыст.
Суразмоўцы DW пагаджаюцца, што гэта акцыя застрашвання, але не толькі.
— Мэта і ў тым, што лідарам дэмсіл стане цяжэй знаходзіць людзей, гатовых з імі працаваць. Тых, каго заўважаюць, у Беларусі абвяшчаюць «экстрэмістам-тэрарыстам», кажуць «кватэру-лецішча забяром». Людзі баяцца. Не сакрэт, што мы сутыкаемся з дэфіцытам кадраў. Нават для тых, хто з’ехаў, гэта іншы ўзровень рызыкі — пераступіць парог «экстрэмісцкага» офіса. Трэба ўсё прадаваць, пажадана і сваякоў вывезці, — лічыць Міхаіл Кірылюк.
«Чакаем шматсерыйнага шоу з судамі»
Што далей? Сілавікі не хаваюць: маёмасць шукалі, каб арыштаваць. А падчас «завочных судоў» часта з’яўляюцца велізарныя штрафы на карысць дзяржавы. У тэорыі арышт і канфіскацыя, а потым продаж кватэры — справа не аднаго месяца, кажа Міхаіл Кірылюк. Так было дагэтуль. Напрыклад, з арыштаваных у 2020−2021 гадах кватэр і дамоў прададзеная адна — кватэра Ціханоўскіх.
— Пытанне, наколькі яны будуць выконваць свае ж правілы. Яны ж дзейнічаюць па законах ваеннага часу. Могуць і за тры дні ўсё зрабіць, паказальна. З сайта СК даведаешся, што цябе абвінавацілі, асудзілі, прадалі кватэру за 100 рублёў і ты павінен яшчэ 9 999 900, — іранізуе юрыст.
— Людзі разумеюць, што сродкаў законнай абароны ў іх няма, таму проста сочаць за развіццём падзей. Магчыма, зробяць шматсерыйнае шоу да выбараў — ператрусы, суды, рашэнні пра канфіскацыю маёмасці… Яшчэ не дайшла справа да законаў пра пазбаўленне грамадзянства, але стрэльба ўжо на сцяне і, думаю, стрэліць. Магчыма, у гэтай справе, — канстатуе Андрэй Ягораў.