25-гадовая Алёна Астапенка, ураджэнка Беларусі, загінула 7 кастрычніка. Яна працавала ў паліцыі і разам з калегамі і ізраільскімі салдатамі адбівала атакі баевікоў ХАМАС у горадзе Афакім. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Осторожно, новости» са спасылкай на сябра сям'і і маці загінулай дзяўчыны.

25-гадовая Алёна Астапенка пераехала ў Ізраіль з мамай і старэйшай сястрой у 2000 годзе. Сям’я эмігравала з Рэчыцы, Алёне тады было два гады. «Яна была вельмі добрай дзяўчынкай, як я яе памятаю, калі была маленькай», — расказаў сябар сям'і.
У Ізраілі Алёна скончыла школу, пасля адслужыла тэрміновую службу ў войску, апошні час жыла на поўдні краіны, у Нетывоце, і працавала ў паліцыі. Сябры сям'і адзначаюць, што сама Алёна не асабліва расказвала пра сваю дзейнасць: некаторыя з іх толькі з навінаў даведаліся, што яна служыла ў паліцыі.
Раніцай 7 кастрычніка падчас нападу баевікоў ХАМАС на паўднёвыя паселішчы Ізраіля Алёна патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам з іншымі паліцэйскімі і байцамі ЦАХАЛ адбівала атакі баевікоў. Мясцовыя СМІ паведамлялі, што на поўдні Ізраіля ў гарадах Афакім і Нетывот ішоў стралковы бой з ХАМАС.
Як расказала мама Алёны, дзяўчыну пахавалі ўчора ноччу.