Псіхіятрыя ў нашай краіне — сфера даволі стыгматызаваная. Многія аддаюць перавагу таму, каб замоўчваць знаходжанне ў такіх бальніцах, і тым больш не палаюць жаданнем расказваць пра гэта журналістам. Нашая чытачка Святлана трапіла ў РНПЦ псіхічнага здароўя, што ў Навінках, з дэпрэсіяй і памежным разладам асобы. Прайшоўшы курс лячэння, яна вырашыла расказаць пра свой досвед. Паводле яе словаў, у Навінках «турэмныя ўмовы, да пацыентаў прымяняюць фізічную сілу, прывязваюць, заколваюць моцнадзейнымі прэпаратамі проста так». З такім ж умовамі сутыкаліся і іншыя пацыенткі гэтага аддзялення. І вось што яны расказалі.
Імёны пацыентак зменены з меркаванняў бяспекі, іх звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Мне патрэбная псіхатэрапія, а ад доктара чую: „Не“»
У аддзяленні № 5 РНПЦ псіхічнага здароўя звычайна ляжаць жанчыны, якія спрабавалі здзейсніць суіцыд, і тыя, хто знаходзіцца ў крызісных і дэпрэсіўных станах з высокай імавернасцю суіцыду. 18-гадовая Святлана трапіла туды ў пачатку года.
— Гэта крызіснае аддзяленне толькі для жанчын, — кажа суразмоўніца. — Большая частка выпадкаў — гэта дэпрэсія, памежныя разлады. Туды забаронена, як напісана на сайце, шпіталізаваць пацыентаў у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, але часта іх таксама прывозяць. Вельмі шмат няпоўнагадовых. Ёсць палаты з пажылымі жанчынамі, у іх у асноўным дэпрэсія.
У аддзяленні, дзе ляжала Святлана, ёсць загадчыца, два дактары — псіхіятры-нарколагі. На сайце гаворыцца, што там працуюць два псіхолагі і два псіхатэрапеўты. Лячэнне складаецца з тэрапіі і прыёму прэпаратаў.
— Да медыкаментознага лячэння пытанняў няма, — кажа дзяўчына. — А вось з псіхатэрапіяй велізарная праблема: за ўсе шэсць тыдняў знаходжання я змагла трапіць на яе толькі два разы. А некаторыя наогул не трапляюць. Хоць менавіта дзеля яе я і вырашыла туды легчы. Першы раз, летам 2022 года, хацела выпісацца на тыдзень раней, бо да таго часу падабралі лячэнне, а псіхатэрапіі ніякай не было. Я магла сысці, бо шпіталізацыя была добраахвотная, але доктарка казала мне: «Не». Яны сцвярджаюць, што проста не хапае дактароў, і таму нельга трапіць да псіхолага. Але ў выніку для крызісных пацыентак там застаецца толькі медыкаментознае лячэнне.
Адсутнасць псіхатэрапіі стала крытычным і для 19-гадовай Ілоны: у дзяўчыны дыягнаставалі памежны разлад асобы. У Навінках яна лячылася восенню 2018-га і летам 2022 года.
— Наогул гэтае захворванне не лечыцца медыкаментозна, толькі псіхатэрапія. Хіба што ў цяжкіх выпадках прымаюць антыдэпрэсанты, каб прыбраць псіхатычныя станы, — кажа яна. — Доктар абсалютна не слухае, што ты кажаш. Я прыйшла лячыцца, дайце мне псіхатэрапеўта. У адказ чую: «Не, табе ён не патрэбны». Хоць у мяне ў медкарце і дыспансера, і прыёмнага аддзялення напісана, што якраз патрэбны. Пры гэтым да нас прывозілі людзей у наркатычным і алкагольным ап’яненні (хоць на сайце сказана, што іх нельга шпіталізаваць у гэтае аддзяленне). І вось ім выклікалі псіхолагаў, а іншыя не атрымлівалі дапамогі. У аддзяленні даволі цяжкая атмасфера, час ішоў, мне не давалі псіхолага — і я пачала адчуваць сябе горш.
Нашыя суразмоўніцы кажуць, што ў аддзяленні № 5 ёсць негалосная забарона на слёзы. Тым, хто плача, могуць дадаткова прызначыць лекі і нават прывязаць да ложка.
— Як толькі ў цябе з’яўляюцца слёзы, адразу падыходзяць іншыя жанчыны і кажуць перастаць, бо нельга, каб гэта хоць нехта ўбачыў, — расказвае Ілона. — Нам даюць сур’ёзныя лекі, і, мабыць, дактары думаюць, што калі чалавек пры гэтым усё роўна плача, значыць, лекі не дапамагаюць. Хоць плакаць можна праз што заўгодна: прачытаць сумную кнігу, пагаварыць з роднымі. Маці вельмі складана было тэлефанаваць дзецям. Ды і, здавалася б, зразумела, што слёзы будуць, калі ў цябе дэпрэсіўны разлад або суіцыдальны стан.
«Мяне прывязалі да ложка на двое сутак»
Першы этап у пятым аддзяленні — назіральная палата. 18-гадовая Маргарыта ляжала ў ёй у канцы 2021 года. Паводле яе, там пацыентак глядзяць некалькі дзён, каб сабраць больш дакладную інфармацыю пра іх стан:
— Назіральная палата абавязковая для ўсіх, хто паступае ў бальніцу. Ты ляжыш там два-тры дні, а санітарка дакладвае пра твой стан доктару. Робіцца ўсё гэта, каб разумець, ці ёсць сімптаматыка, пра якую чалавек не можа расказаць.
У назіральнай палаце ёсць шэраг абмежаванняў: забараняюцца ручкі, алоўкі і нават акуляры, а выходзіць можна толькі ў прыбіральню і назад, без прагулак на калідоры. Далей пацыенткі трапляюць у звычайную палату. Аднак Маргарыта кажа, што за любое непаслушэнства персанал можа зноў перавесці пацыента туды.
У гэтай палаце дзяўчына прабыла амаль два тыдні пасля шпіталізацыі. Яна лічыць, што так доўга там яе трымалі беспадстаўна: Маргарыта даўно праходзіла лячэнне, прымала прэпараты і апошні раз сама легла ў РНПЦ праз высокую суіцыдальную рызыку. Прызнаецца, што разлічвала на дапамогу, а атрымала дадатковую траўму:
— Доктарка ўвесь гэты час трымала мяне на прэпаратах, якія не падыходзілі мне па дыягназе — галаперыдол і дыязепам. Яны вельмі моцныя: ты проста робішся як гародніна, пастаянна спіш, кульгае дыкцыя. У мяне асабіста кружылася галава, я ўвесь час плакала, хоць праз траўматычны досвед звычайна не плачу. За слёзы мяне прывязалі да ложка на двое сутак. Прычым вязанне было не простае: калі звычайна фіксуюць рукі і ў рэдкіх выпадках ногі, то мяне фіксавалі яшчэ за падпахі. Дагэтуль не магу зразумець, чаму са мной так было. Я прыходзіла, каб лячыцца, расказвала ўсё доктарцы. Так, калі клалася, у мяне быў цяжкі стан: паранаідальнае трызненне, псіхозы, галюцынацыі. Гэтыя станы трэба купіраваць галаперыдолам і дыязепамам, але ін'екцыі робяцца два-тры дні, а не так доўга.
Праз два тыдні Маргарыту перавялі ў звычайную палату, але прычыны таго, што адбылося, ёй так і не патлумачылі.
«У цябе няма правоў, ніякія законы не працуюць»
Пра само аддзяленне пацыенткі адклікаюцца даволі красамоўна: амаль усе нашыя суразмоўніцы параўналі ўмовы ў крызісным аддзяленні з турэмнымі. У першую чаргу — прэтэнзіі да стаўлення з боку медперсаналу. Да прыкладу, Святлана кажа, што медсёстры і санітаркі ставяцца да пацыентаў даволі грэбліва:
— Бывае, што ў медсясцёр трэба літаральна патрабаваць таблеткі ад галаўнога болю або актываваны вугаль. Часам яны могуць даць лекі, калі захочуць, а могуць адмовіць, бо няма прызначэння доктара.
З такой праблемай сутыкнулася і 29-гадовая Вольга, якая ў лютым гэтага года прабыла ў Навінках амаль месяц.
— Два тыдні ў мяне была тэмпература блізу 39 °C, і ніхто мяне не правяраў, пару разоў толькі падыходзіла медсястра, — кажа суразмоўніца. — З высокай тэмпературай даводзілася кожны раз самой хадзіць на пост па градуснік. Маскі выдаваць не хацелі. Дазвалялі не больш за дзве маскі на дзень, хоць іх трэба было мяняць рэгулярна.
Сувязь з вонкавым светам у аддзяленні таксама абмежаваная: тэлефон у пацыентак адбіраюць, ім можна карыстацца толькі два разы на тыдзень па 10 хвілін з дазволу доктара. На стацыянарныя тэлефоны званіць можна з аўтамата, але толькі з пяці да васьмі вечара. Але дзяўчаты адзначаюць: у аддзяленні 60 чалавек, і пагаварыць можна максімум пару хвілін.
— Разам са мной ляжала дзяўчынка, якую прывезлі на хуткай. І яна прасіла ў доктаркі свой тэлефон, каб сказаць родным, дзе знаходзіцца, каб ёй прывезлі рэчы. І вось доктарка адмаўляла проста таму, што яна «так хоча», — успамінае Вольга.
— Калі я ляжала, была распаўсюджаная працатэрапія (яна ёсць у афіцыйным раскладзе, але па факце жанчыны проста працавалі замест санітарак), і толькі такім чынам можна было атрымаць да сябе добрае стаўленне і магчымасць прагулак, — дадае Святлана. — Але пасля таго як пару месяцаў таму напісалі скаргу, прагулкі ўсё ж з’явіліся, працатэрапія перастала быць такой масавай, і санітаркі ўпершыню за доўгі час пачалі выконваць свае абавязкі.
У саміх палатах таксама шмат забаронаў, кажуць былыя пацыенткі: нельга садзіцца на чужыя ложкі, забаронена падыходзіць да вокнаў і глядзець на двор. Варыянтаў вольнага часу няшмат: у сталоўцы, дзе ёсць тэлевізар, знаходзіцца не дазвалялі, прагулак не было, таму даводзілася займаць сябе самастойна. Так, Ілона за час шпіталізацыі намалявала некалькі карцін па нумарах і прачытала нямала кніг. І прапускалі ў аддзяленне не ўсё. Напрыклад, забароненае адзенне са шнуркамі і вялікія ўпакоўкі вільготных сурвэтак — лічыцца, што з іх дапамогай можна здзейсніць суіцыд. І нават ухвалены першапачаткова скетчбук у дзяўчыны адабралі.
— Калі быў каранцін праз каранавірус, нельга было выходзіць у калідор, — успамінае Ілона. — Яшчэ там праблемы з ветраннем. Калі не трэба, пастаянна выганяюць з палатаў нават старых бабуляў і адкрываюць вокны, а калі трэба, падчас каранавіруса, ніколі не праветрывалі своечасова. Прыбіральню тры разы на дзень закрывалі на ўборку, людзі маглі не паспець схадзіць. Але больш за ўсё ўражвала, што душ дазвалялі толькі раз на тыдзень, часцей можна было хадзіць тым, хто працуе. І пытанне: а як нам мыцца? У ракавінах? А калі мыеш галаву там, да цябе падыходзяць з пытаннямі. Атрымліваецца, мы мусім хадзіць брудныя?
Праблемы з гігіенай скончыліся для палаты дзяўчыны вошамі. Сродкі для лячэння педыкулёзу ўдалося атрымаць толькі на трэці дзень. Разам з забаронамі камусьці расказваць пра гэта.
— І ўсе маўчаць, бо баяцца: калі хоць нешта скажуць, то застануцца ў аддзяленні невядома на колькі. А там знаходзіцца немагчыма, гэта ўсё вельмі моцна цісне. У цябе няма ніякіх правоў, ніякія законы не працуюць, табе няма да каго звярнуцца, — эмацыйна кажа Святлана. — А куды ісці, калі нават адміністрацыя ігнаруе скаргі? Даводзіцца рабіць выгляд, што ўсё добра, каб хутчэй выпісацца і забыцца на ўсё, што было.
Як адзначае Вольга, за тры тыдні яна не бачыла там ніводнай буйнай пацыенткі.
— Але пры гэтым заўсёды знаходзілі тых, каго заламаюць і прывяжуць у палаце, — кажа яна.
«Хочацца дабівацца парадку»
Многія скаргі нашых суразмоўніц звязаныя з адной доктаркай. Паводле іх словаў, жанчына магла прызначаць прэпараты без тлумачэнняў, не казаць дыягназ, не даваць званіць і ігнараваць пабочныя эфекты. Напрыклад, Вольга свайго дыягназу не ведае дагэтуль:
— Мне яго не агучылі. Многія дзяўчаты даведваліся дыягназ з бальнічнага ліста, але мне ён не быў не патрэбны. А калі я ў доктаркі пытала, ад чаго мяне тады лячылі, яна адказвала: «Не скажу». Ці проста ігнаравала.
Святлана ўспамінае, што з гэтай жа доктаркай яна літаральна гуляла ў «адгадай дыягназ».
— Я да яе прыйшла, каб удакладніць, што са мной, а яна мне сказала: «У цябе ёсць тры спробы. Адгадаеш — скажу, не адгадаеш — усё». І свой дыягназ я даведалася толькі праз месяц, калі прыйшла выпіска! — абураецца суразмоўніца.
У сакавіку гэтага года адна з пацыентак, расказваюць дзяўчаты, адправіла электронны зварот у Міністэрства аховы здароўя. Там яна расказала пра ўмовы ў аддзяленні № 5, пра адсутнасць псіхатэрапіі. Праз нейкі час зварот перанакіравалі на камісійны разгляд у РНПЦ.
— Калі яна пачынала гаварыць, што ўжываюцца празмерныя меры, накшталт фіксацыі і заколвання прэпаратамі, адказвалі: «Гэта не так», — удакладняе Святлана. — Маўляў, насамрэч выкарыстоўваецца мяккая фіксацыя, усё працуе належным чынам. І наогул нібыта былі выпадкі, што пацыенты забівалі дактароў і іншых пацыентаў. Гэтым жа аргументавалі забарону падыходзіць да вокнаў і доўга глядзець на двор. Хоць гэта аддзяленне не для буйных, туды не кладуць з псіхозам і шызафрэніяй.
Пасля першай скаргі, расказваюць Святлана і Ілона, умовы сталі трохі лепшыя: дазволілі прагулкі на гадзіну, адмянілі працатэрапію. Але спыняцца пацыенткі не плануюць. Ужо сабралася больш за дзесяць ахвотных пісаць калектыўную скаргу ў Міністэрства аховы здароўя.
— Хочацца дабівацца парадку. Каб усе адказалі за свае дзеянні, — лічыць Святлана.
Таксама дзяўчаты настроеныя дамагацца звальнення доктаркі, якая іх лячыла. Яны лічаць, што ёй проста не месца на пасадзе доктара-псіхіятра.
«Зробіш што заўгодна, каб не трапіць туды зноў»
Пасля выпіскі асноўнае жаданне многіх пацыентак — хутчэй забыцца на тое, што з імі адбывалася.
— Пра лячэнне гаворкі не ідзе, ты атрымліваеш яшчэ большую траўму, — разважае Святлана. — У першыя некалькі дзён робіцца лягчэй, ёсць эйфарыя ад таго, што ты на волі. Ходзіш вуліцамі і не верыш, што можаш свабодна перасоўвацца. Не верыш, што вакол людзі, што ты можаш у любы момант карыстацца сувяззю. Але потым у мяне зноў пачынаўся адкат. І яшчэ горш рабілася ад усведамлення, што, калі я буду ў крызісным стане, мне банальна не будзе куды звярнуцца. Не змогуць дапамагчы ва ўмовах бальніцы. Здавалася, калі стане кепска, ёсць РНПЦ, дзе за мной будуць назіраць і можна будзе аднавіцца. Але тое, што ў бальніцы трэба яшчэ больш напружвацца і змагацца за свае правы, вельмі моцна прыгнятае.
Пра адсутнасць эфектыўнасці ад лячэння ў пятым аддзяленні кажа і Маргарыта. Адзінай карысцю яна называе зносіны з іншымі пацыенткамі. Пры гэтым ужо падабраныя лекі дзяўчыне адмяніла яе доктарка, спаслаўшыся на іх адсутнасць у бальніцы. Гатоўнасць купіць медыкаменты самастойна нічога не змяніла.
— Вяртацца туды не хочацца менавіта праз стаўленне да цябе, — кажа яна. — Першыя дзве мае шпіталізацыі прайшлі нармальна, але гэта было іншае аддзяленне. Прычым першы раз у мяне быў жудасны псіхоз, прыпадкі. Але не было пагарды, мяне не клалі назад у назіральную палату, да мяне ставіліся нармальна. Доктар пастаянна падтрымліваў сувязь з маёй бабуляй. У пятае аддзяленне я клалася, бо была высокая суіцыдальная рызыка. А па сутнасці выпісваешся — і проста хочацца пра ўсё забыць. Прыходзіш потым у дыспансер, кажаш: «Мне хранова». У адказ: «Ну, кладзіся назад». А ты не хочаш.
З дзяўчатамі салідарная і Ілона. Яна спадзявалася на дапамогу, якую, паводле яе словаў, не атрымала.
— Проста выпісвалі таблеткі. І калі пашанцуе, адзін раз сустрэнешся з псіхатэрапеўтам падчас выпіскі, — тлумачыць яна сваё меркаванне. — Думкі былі, што я трапіла не на лячэнне, а ў турму: нельга сядзець на ложку, глядзець у акно, дзверы ў прыбіральню не зачыняюцца, ручак дзвярных таксама няма. Зразумела, што гэта дзеля бяспекі, але вельмі цісне. І наогул многія, з кім я размаўляла, лепш «памруць» канчаткова, чым трапяць туды яшчэ раз. Вядома, аповеды не перададуць усёй атмасферы, але, здаецца, ты сапраўды зробіш што заўгодна, каб не апынуцца там зноў.
Якой мусіць быць дапамога ў такім выпадку? Спыталі ў псіхіятра
У РНПЦ псіхічнага здароўя аддзяленні адрозніваюцца па спецыялізацыі дапамогі, якая аказваецца пацыентам. Такое рашэнне закліканае зрабіць працу медыкаў эфектыўнейшай, бо людзі з прыкладна падобнымі цяжкасцямі могуць дапамагаць адно аднаму ў разуменні таго, што з імі адбываецца. Таксама ў аддзяленні фармуецца спецыфічнае асяроддзе, якое можна выкарыстоўваць для псіхатэрапіі. Гэта называецца тэрапіяй асяроддзем, тлумачыць доктар-псіхіятр Сяргей Папоў, які прапрацаваў у РПНЦ з 2007 да 2022 года.
— У такой сітуацыі пацыенты і ўвесь медыцынскі персанал функцыянуюць як адзіная група, якая імкнецца стварыць здаровую абстаноўку. На жаль, у нас так не працуе. Пацыент амаль ніяк не ўплывае на стварэнне тэрапеўтычнага асяроддзя ў аддзяленні, — кажа спецыяліст. — Да таго ж часта ў аддзяленне могуць трапляць пацыенты і з іншымі псіхічнымі разладамі. Таму калі мы гаворым пра аддзяленне для жанчын у крызісных і дэпрэсіўных станах, у рэальнасці там атрымліваюць дапамогу вельмі розныя людзі. У тым ліку з псіхозамі, і тады метады лячэння там могуць адрознівацца.
Калі чалавек паступае з псіхозам, могуць выкарыстоўвацца галаперыдол і часовая фіксацыя, тлумачыць Папоў. Такія меры патрэбныя пры станах, калі чалавек уяўляе пагрозу для сябе або навакольных.
— Але фіксацыя — гэта крайняя і часовая мера, якая выкарыстоўваецца да моманту, пакуль пачнецца дзеянне лекаў. Безумоўна, такі досвед для жанчыны ў крызісе або дэпрэсіі з суіцыдальнасцю наўрад ці можна назваць тэрапеўтычным. Гэтак жа цяжка ўявіць, што для такіх пацыентак неабходна выкарыстоўваць фіксацыю або такія моцныя (і «старыя») антыпсіхотыкі, як галаперыдол. Можна выкарыстоўваць транквілізатары (дыязепам або кланазепам) і сучаснейшыя антыпсіхатычныя сродкі. Але я падазраю, што ў РНПЦ могуць быць праблемы з сучаснымі прэпаратамі.
Агульнапрынятых метадаў лячэння тых станаў, з якімі жанчыны паступаюць у крызіснае аддзяленне, няма: дэпрэсія, асобасныя парушэнні, Падлеткавы зрыў, парушэнне адаптацыі або наступствы гвалту патрабуюць рознага лячэння. Але ва ўсіх выпадках, адзначае спецыяліст, важная псіхатэрапеўтычная і псіхалагічная дапамога.
— Вядома, толькі лекавая тэрапія без псіхатэрапіі можа быць эфектыўная, але ўсё ж іх спалучэнне дае максімальны вынік, — кажа доктар. — Лекавая тэрапія можа эфектыўна прыбраць сімптомы, але, напрыклад, складанасці ў камунікацыі, у сацыялізацыі, адаптацыі або ў нейкіх вельмі канкрэтных жыццёвых і сацыяльных сітуацыях застаюцца нявырашанымі. Гэта прыводзіць да хуткіх рэцыдываў і вяртання сімптомаў, суіцыдальных паводзін. Таму роля псіхатэрапіі ў такіх выпадках вельмі важная, яна дапамагае чалавеку сфармаваць інсайт (крытычны погляд) на свой стан і сітуацыю і потым рухацца ў бок адказнасці і нешта рабіць для свайго дабрабыту.
У звароце пацыенткі аддзялення ў Мінздароўя гаварылася пра адсутнасць псіхатэрапіі, на што ў ведамстве патлумачылі: прычына ў недахопе спецыялістаў. Нягледзячы на гэта, існаванне аддзялення апраўданае, лічыць Сяргей, экстранную дапамогу там усё ж аказваюць і жыцці людзей ратуюць.
— Але толькі гэтага мала. Псіхічны разлад — не рана, якую зашыў і адпусціў чалавека са спакойным сумленнем. Патрэбная паслястацыянарная дапамога, рэабілітацыя і падтрымка. А яе няма, — кажа ён. — І тое, што ў аддзяленні няма псіхатэрапіі праз недахоп спецыялістаў, не галоўная бяда. Праблема значна шырэйшая. У нас у прынцыпе няма развітай амбулаторнай псіхіятрычнай, псіхатэрапеўтычнай і сацыяльнай дапамогі. Аддзяленне ў РНПЦ — гэта толькі пачатак лячэння. Псіхатэрапія ў аддзяленні не можа быць вельмі эфектыўнай у зняцці сімптомаў, занадта мала часу пацыент там знаходзіцца. Але праца з псіхатэрапеўтам можа дапамагчы адэкватней ацэньваць свой стан і разумець, што рабіць для паляпшэння псіхічнай самарэгуляцыі.
Што ж да турэмных асацыяцый у пацыентак, Сяргей упэўнены: калі ў краіне парушаюцца правы чалавека і развіты структурны гвалт, тое самае будзе і ў псіхіятрычнай клініцы. Прычым там будуць парушацца правы як спецыялістаў, так і пацыентаў.
— Але можа быць іншае тлумачэнне. Калі няма спецыялістаў, якія маглі б быць у кантакце з пацыентамі, займацца з імі, вучыць межам і бяспецы, то з’яўляецца неабходнасць канкрэтных абмежаванняў. Калі ў аддзяленні ёсць хаця б адзін пацыент з небяспечнымі паводзінамі, то ўсе абмежаванні будуць арыентаваныя на яго, а ўсім астатнім давядзецца падладжвацца. Гэта пытанне размеркавання пацыентаў па аддзяленнях, — лічыць Сяргей Папоў. — Каб псіхіятрычная дапамога была эфектыўнай, перш за ўсё нам трэба павялічыць колькасць спецыялістаў. Патрэбная развітая служба амбулаторнай дапамогі (тады бальніца многім пацыентам можа наогул не спатрэбіцца).
Мы гаворым пра парушэнне правоў (фіксацыя пацыентаў, пастаноўка на ўлік, забарона на вучобу або працу і гэтак далей), але яно можа існаваць толькі ў рамках перакрыўленай сістэмы, калі пэўныя людзі «мусяць» быць выключаныя з жыцця грамадства. Насамрэч гэта не мае вялікага дачынення да бяспекі іншых жыхароў. У выніку людзі з псіхічнымі разладамі звычайна аказваюцца больш уразлівымі і схільнымі да гвалту і злоўжыванняў. Але ў здаровым варыянце псіхіятрыя мусіць быць дапамогай, зварот да псіхіятра мусіць быць звязаны з палягчэннем стану і паляпшэннем якасці жыцця. Тады людзі самі свядома і добраахвотна будуць карыстацца гэтым.
Што кажуць у аддзяленні № 5 РНПЦ псіхічнага здароўя?
Звярнуўшы ўвагу на такія публікацыі ў тэлеграм-каналах, блог «Людзі» патэлефанаваў у аддзяленне з пытаннем, ці сапраўды сітуацыя там такая. Аператыўна звязацца з загадчыцай выданню не ўдалося, і журналісты адправілі ў РПНЦ пісьмовы запыт.
Чытайце таксама