Супрацоўнікі міліцыі працягваюць комплексную адпрацоўку асобаў, якія падтрымліваюць «антыдзяржаўныя погляды». Пра гэта паведаміла 17 сакавіка прэс-служба МУС.
У ведамстве адзначылі, што «пад пільнай увагай крымінальнай міліцыі» знаходзяцца не толькі добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне, але і «іх сваякі і знаёмыя».
— Правяраецца інфармацыя пра дапамаганне экстрэмісцкім арганізацыям і банфарміраванням. Штодня супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС праводзяць да 20 ператрусаў, прычыны і ўмовы існавання радыкальных ячэек аператыўна ўхіляюцца, — даў справаздачу начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня.
Да аблаваў падключылі ўчастковых. Іх задача — «зберагчы людзей ад памылак, якія цягнуць сур’ёзныя наступствы і суровае пакаранне», адзначылі ў МУС.
— У выпадках выяўлення супрацьпраўнай дзейнасці ідзе неадкладнае рэагаванне. За апошні тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі каля 100 чалавек, па выніках разбору ўчастковых інспектараў распачалі больш за 20 крымінальных справаў у дачыненні да асобаў, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці, — сказаў Аляксандр Купчэня.
Паводле звестак МУС, «сярод парушэнняў пераважае распаўсюд у інтэрнэце інфармацыі з непасрэднымі заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці або яе прапагандай».