Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гэты чалавек стаў нацыянальным героем, узначальваў часовы ўрад, але добраахвотна сышоў у адстаўку — каб потым вярнуцца ва ўладу і назаўжды ўпісаць сваё імя ў гісторыю краіны. Расказваем біяграфію генерала Шарля дэ Голя, які вызваліў Францыю ад нацызму і пазней узначаліў гэтую краіну.

Гэтым тэкстам мы працягваем наш праект «Вызваліцелі». У ім мы расказваем пра лідараў грамадскіх рухаў з усяго свету, якія змагаліся супраць дыктатураў і перамаглі іх.

Першая сусветная і дзесяць спробаў уцёкаў

Шарль дэ Голь нарадзіўся ў 1890 годзе ў горадзе Ліль на поўначы краіны. Гэта адбылося ў доме яго бабулі, куды маці, якая жыла ў Парыжы, кожны раз прыязджала перад родамі. У іх сям'і панаваў дух патрыятызму, а юны Шарль з дзяцінства марыў пра подзвігі ў славу Францыі.

У 1912-м дэ Голь аказаўся сярод найлепшых выпускнікоў Асаблівай ваеннай школы ў Сэн-Сіры, дзе рыхтавалі эліту французскай арміі. Скончыўшы яе ў званні малодшага лейтэнанта, ён быў адпраўлены ў адзін з пяхотных палкоў, якім камандаваў палкоўнік Філіп Петэн, які пазней адыграў важную ролю ў лёсе Францыі і самога Шарля.

Праз два гады пачалася Першая сусветная вайна. Дэ Голь, які ваяваў на французска-нямецкім фронце, быў тройчы паранены. У апошнім выпадку ён, ужо ў званні капітана, трапіў у палон. Знаходзячыся ў розных крэпасцях, Шарль пяць разоў спрабаваў уцячы, але ўвесь час няўдала. У адным з лагераў для ваеннапалонных яго таварышам па няшчасці і суседам быў рускі паручнік Міхаіл Тухачэўскі — будучы маршал Савецкага Саюза, рэпрэсаваны ў часы Вялікага тэрору.

Дарэчы, у ліпені-кастрычніку 1916 года Шарль знаходзіўся ў лагеры ў мястэчку Шчучын. Такі населены пункт ёсць як у Беларусі, так і ў Польшчы. Але француз Марыс Панцье, які даследаваў гэтае пытанне, упэўнены, што гаворка ішла менавіта пра нашую краіну.

Щучин. Здание, в котором в годы Первой мировой войны находился лагерь, где содержался Шарль де Голль. Фото: TUT.BY
Шчучын. Будынак, у якім у гады Першай сусветнай вайны знаходзіўся лагер, дзе, імаверна, утрымліваўся Шарль дэ Голь. Фота: TUT.BY

— У чэрвені 1916 года Шарль дэ Голь напісаў сваёй сям'і, што трапіў у палон у лагер горада Шчучына. Лісты прэзідэнта знаходзяцца ва ўласнасці яго сям'і, таму гэтыя звесткі ўзятыя з успамінаў іншых афіцэраў. Архівы Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, шматлікія лісты, адпраўленыя з лагера капітанам Луі Сальмонам, а таксама апублікаваныя ўспаміны пра Шчучын генерала Аўгустына Гіёма даюць падставы меркаваць, што менавіта беларускі Шчучын з’яўляецца месцам заключэння капітана дэ Голя ў 1916 годзе, — упэўнены Марыс.

Былі ў афіцэра Сальмона і звесткі пра лагеры, якія наўпрост паказваюць на беларускі Шчучын.

Напрыклад, ён удакладняў, што гэты населены пункт знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Гродна, а побач з будынкам, дзе ўтрымліваліся ваеннапалонныя, праходзіла вузкакалейка. Сапраўды, французскіх афіцэраў пасялілі ў казарме, пераробленай з будынка лесапільні князёў Друцкіх-Любецкіх, побач з якой праходзілі чыгуначныя шляхі.

Састарэлы дыктатар з Вішы

У палоне Шарль знаходзіўся 32 месяцы і выйшаў на волю толькі ў лістападзе 1918 года, калі скончылася Першая сусветная вайна. Ён вярнуўся ў Францыю, але праз некаторы час зноў прыехаў на ўсход Еўропы — удзельнічаў у польска-савецкай вайне на баку Варшавы. Дарэчы, адзін з савецкіх франтоў тады ўзначальваў яго знаёмы Тухачэўскі.

У міжваенны перыяд дэ Голь стварыў сям’ю — старэйшага сына Філіпа ён назваў у гонар Петэна. У яго нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. У малодшай быў сіндром Даўна, яна рана памерла — і пазней палітык дапамагаў фонду, які займаўся хворымі з гэтай генетычнай асаблівасцю.

А яшчэ ён будаваў вайсковую кар’еру, выступаў як тэарэтык і практык. Дэ Голь сустрэў Другую сусветную ў званні палкоўніка, у 1940-м пачаў выконваць абавязкі брыгаднага генерала. Але яго краіна не была гатовая да будучых супрацьстаянняў. Шарль настойваў на развіцці танкавых войскаў — менавіта так рабілі нацысцкая Германія і Савецкі Саюз, — але не быў пачуты.

10 траўня 1940 года нацысты напалі на Францыю. 6 чэрвеня Шарля прызначылі намеснікам міністра абароны. Але змяніць сітуацыю ён быў не ў сілах. Тактыка нямецкага бліцкрыгу сябе апраўдала: ужо 14 чэрвеня немцы занялі Парыж.

Филипп Петен на встрече с Адольфом Гитлером. 24 октября 1940 года. Фото: wikipedia.org
Філіп Петэн на сустрэчы з Адольфам Гітлерам. 24 кастрычніка 1940 года. Фота: wikipedia.org

Частка французскага кіраўніцтва настойвала на працягу барацьбы. Сярод іх быў і дэ Голь. Тыя часам маршал Петэн, герой Першай сусветнай і былы заступнік Шарля, ціснуў на прэм’ер-міністра Поля Рэйно, каб той падпісаў сепаратны мір з немцамі. Апошні адмовіўся і 16 чэрвеня сышоў у адстаўку. Новы ўрад узначаліў 84-гадовы Петэн, які загадаў арыштаваць свайго папярэдніка. Рэйно выйшаў на волю 7 траўня 1945 года.

22 чэрвеня 1940 года Петэн заключыў з немцамі Камп’енскае перамір'е. У гэтым быў пэўны сімвалізм. Перамір'е ў Камп’енскім лесе ў 1918-м фактычна завяршыла Першую сусветную вайну. Яе вынікі Германія лічыла для сябе зневажальнымі. Таму Адольф Гітлер загадаў дастаць з музея вагон, у якім яно было падпісанае, даставіць яго ў той жа лес і падпісаць там новы дакумент, які — з яго пункту гледжання — сведчыў бы пра аднаўленне справядлівасці. Дарэчы, гэтым дакументам меркавалася, што перамір'е будзе дзейнічаць да заключэння паўнавартаснай мірнай дамовы. Але апошні так у выніку і не падпісалі.

Паводле ўмоваў дакумента, немцы акупавалі каля 60% тэрыторыі Францыі — увесь поўнач і захад краіны. На паўднёвым усходзе стваралася Французская дзяржава — менавіта так афіцыйна называлася ўтварэнне, створанае рэжымам Вішы (у гэтым горадзе размяшчаліся яго структуры). Кіраўніком стаў маршал Петэн, які атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы.

Оккупационная зона во Франции. Изображение: wikipedia.org
Акупацыйная зона ў Францыі. Выява: wikipedia.org

Фармальна Вішы была свабоднай незалежнай дзяржавай, якая кантралявала свае ранейшыя калоніі. У краіне дзейнічалі французскія законы, туды не ўводзіліся нацысцкія акупацыйныя войскі. Але ў рэальнасці рэжым Вішы цесна супрацоўнічаў з нацыстамі, якія адчувалі сябе там як дома. Вішысцкая Францыя мусіла ўтрымліваць нямецкія войскі, якія знаходзіліся на акупаваных поўначы і захадзе краіны. Таксама яна перадавала Трэцяму Рэйху ўсіх нямецкіх ваеннапалонных, а вось французы засталіся ў лагерах. Каля 2/3 іх (1 млн з 1,5 млн) выйшлі на волю толькі пасля заканчэння Другой сусветнай. Таксама рэжыму Петэна давялося выдаць Гітлеру немцаў, якія раней уцяклі з Германіі ад палітыкі фюрэра.

Дэ Голь з гэтым мірыцца не хацеў. 17 чэрвеня 1940 года ён вылецеў з Бардо, дзе ў той момант знаходзіўся французскі ўрад, у Лондан. 18 ліпеня Шарль выступіў па радыё. «Францыя прайграла бітву, але яна не прайграла вайну! Нічога не страчана, таму што гэтая вайна — сусветная. Надыдзе дзень, калі Францыя верне свабоду і веліч. <…> Вось чаму я звяртаюся да ўсіх французаў з заклікам аб’яднацца вакол мяне ў імя дзеяння, самаахвярнасці і надзеі», — заявіў дэ Голь.

Шарль стварыў арганізацыю «Свабодная Францыя» (пазней — «Змагарная Францыя»), якая змагалася з рэжымам Вішы. Першапачаткова бітва разгортвалася ў калоніях, дзе французскія войскі, адданыя Петэну, ваявалі супраць сваіх суайчыннікаў з Супраціўлення.

Шарль де Голль (в центре) в Тунисе, 1 июня 1943 года. Фото: Marjory Collins, Library_of_Congress, commons.wikimedia.org
Шарль дэ Голь (у цэнтры) у Тунісе, 1 чэрвеня 1943 года. Фота: Marjory Collins, Library of Congress, commons.wikimedia.org

Тым часам французскаму флоту, большая частка якога знаходзілася ў Тулоне, забаранілі яго пакідаць і самім планаваць аперацыі. У 1942-м заходнія саюзнікі высадзіліся ў Паўночнай Афрыцы — сітуацыя для немцаў станавілася пагрозлівай. Тады Германія і Італія вырашылі больш не цырымоніцца і ўвесці войскі і на тэрыторыю Вішы (поўдзень Францыі, які яна кантралявала, быў ім патрэбны для правядзення кампаніі ў Афрыцы). Французскія маракі апярэдзілі іх і затапілі ўласны флот, каб ён не дастаўся нацыстам. Пры гэтым дэ Голь крытыкаваў французскіх афіцэраў, большасць з якіх не адважылася прарывацца ў Алжыр, што да таго часу стаў яго базай. Менавіта тады Францыя была цалкам акупаваная, хоць адміністрацыя Петэна працягнула існаваць.

У барацьбе дэ Голя не ўсё было гладка. Генерала падтрымлівалі Савецкі Саюз і Вялікабрытанія. А вось ЗША рабілі стаўку на генерала Анры Жыро. Першапачаткова абодва военачальнікі сустаршынявалі ў Французскім камітэце нацыянальнага вызвалення (ФКНВ), але ў драматычным супрацьстаянні дэ Голь у выніку атрымаў верх і ўзначаліў Супраціўленне аднаасобна.

Вызваленне краіны і першы прыход да ўлады

У жніўні 1944 года Парыж быў вызвалены. Туды пераехаў створаны незадоўга да гэтага часовы ўрад краіны на чале з дэ Голем. Затым былі баі на ўсходзе Францыі і ў Германіі. У траўні 1945-га Другая сусветная вайна скончылася.

Будучыня пасляваеннага свету абмяркоўвалася на Патсдамскай канферэнцыі лідарамі дзяржаў-пераможцаў: прэзідэнтам ЗША Гары Трумэнам, савецкім дыктатарам Іосіфам Сталіным і брытанскім прэм’ерам Уінстанам Чэрчылем (пасля паразы на выбарах яго змяніў Клемент Этлі). Дэ Голя на гэтую сустрэчу не запрасілі.

Пры гэтым афіцыйны Парыж не пакрыўдзілі: Францыя разам з трыма саюзнымі дзяржавамі прыняла капітуляцыю Германіі. Калі былы Трэці Рэйх, а таксама Берлін падзялілі на акупацыйныя зоны, частка дасталася і Францыі. Усю паўнату ўлады ў ёй — як было вырашана на Патсдамскай канферэнцыі — меў Парыж. Для вырашэння агульных пытанняў пра лёс Германіі 30 ліпеня была створаная Саюзная кантрольная рада, куды ўвайшоў і французскі прадстаўнік.

Освобожденный Париж, август 1944 года. Фото: wikipedia.org
Вызвалены Парыж, жнівень 1944 года. Фота: wikipedia.org

І ўсё ж прыярытэты былі расстаўленыя выразна: Францыя — краіна-пераможца, але не вялікая дзяржава. Дэ Голь не хацеў з гэтым мірыцца, але зрабіць нічога не мог.

У верасні 1945 года ў Францыі прайшлі выбары ва Устаноўчы сход, які мусіў вызначыць будучае ўладкаванне дзяржавы. Большасць на іх атрымалі сацыялісты і камуністы. Была прынятая Канстытуцыя новай, Чацвёртай, рэспублікі (Трэцяя існавала да Другой сусветнай), паводле якой прэзідэнт не меў асаблівай улады, а ўрад цалкам кантраляваўся парламентам. Генерал выступаў за магутную прэзідэнцкую ўладу, але нічога не мог змяніць, бо яго прыхільнікі не мелі большасці. У выніку ў студзені 1946 года ён добраахвотна сышоў у адстаўку — спадзеючыся неўзабаве вярнуцца.

Свае надзеі Шарль звязваў з арганізацыяй «Аб'яднанне французскага народа», якая знаходзілася ў апазіцыі. Але яе дзейнасць аказалася не вельмі паспяховай. У 1953-м дэ Голь распусціў яе і на пяць гадоў сышоў у прыватнае жыццё, заняўшыся напісаннем мемуараў.

Прэзідэнт Францыі і стварэнне Пятай рэспублікі

Праз пяць гадоў Францыя трапіла ў вельмі цяжкую сітуацыю. Прычын было некалькі.

Найбольш важная з іх — каланіяльны крызіс. Пасля Другой сусветнай вайны Брытанія вырашыла адпусціць свае калоніі з мірам. А вось Францыя паспрабавала захаваць імперыю. У 1946-м усе жыхары яе заморскіх тэрыторый атрымалі французскае грамадзянства і роўныя правы з жыхарамі метраполіі. Але жыхары многіх калоній хацелі незалежнасці. У выніку Парыж увязаўся ў кровапралітныя канфлікты ў Індакітаі (1946−1954) і Алжыры (1954−1962).

Шарль де Голль. 1945 год. Фото: The National Archives UK @ Flickr Commons, wikimedia.commons.org
Шарль дэ Голь. 1945 г. Фота: The National Archives UK @ Flickr Commons, wikimedia.commons.org

Пасля няўдач у гэтых супрацьстаяннях ў французскіх элітах пачалі набіраць папулярнасць ідэі пра тое, што калоніям неабходна даць незалежнасць. Але ультраправыя рухі адмаўляліся ад такога сцэнарыя і патрабавалі, у прыватнасці, захаваць калоніі ў Алжыры. У выніку ў гэтай краіне ўспыхнуў ваенны мяцеж. Адказаць на гэты выклік улада не магла: за 12 гадоў Чацвёртай рэспублікі ў ёй змянілася 12 прэм’ераў і 22 склады ўрада. Сярод эліты, якая знаходзілася ва ўладзе, адсутнічалі сілы, здольныя не толькі прапанаваць шляхі выхаду з крызісу, але і рэалізаваць гэтыя ідэі на практыцы.

У гэтых умовах Шарль дэ Голь звярнуўся да нацыі, заявіўшы, што «гатовы прыняць на сябе ўсе паўнамоцтвы Рэспублікі» — то-бок вярнуцца да ўлады. Генерал наўпрост не асудзіў алжырскіх мяцежнікаў. Таму яго падтрымалі як яны самі, так і большасць прадстаўнікоў французскай эліты.

Пасля таго як алжырскія мяцежнікі захапілі востраў Корсіка, грамадская думка канчаткова схілілася на бок генерала. 27 траўня ўрад сышоў у адстаўку. Прэзідэнт краіны запатрабаваў у Нацыянальнага сходу абраць дэ Голя прэм’ерам і перадаць яму надзвычайныя паўнамоцтвы для фарміравання ўрада і перагляду Канстытуцыі. 1 чэрвеня ў выніку галасавання генерал атрымаў гэтую пасаду.

У адпаведнасці са сваімі поглядамі Шарль прапанаваў новае дзяржаўнае ўладкаванне Францыі. Яно было зафіксаванае ў прынятай у тым жа годзе Канстытуцыі новай, Пятай, рэспублікі (менавіта ў ёй працягваюць жыць сучасныя французы). Паводле яе, паўнамоцтвы прэзідэнта былі істотна пашыраныя. Чалавек, які займае гэтую пасаду, атрымаў права роспуску парламента і стаў абірацца ўсенародна (удакладнім, што ўпершыню гэта адбылося праз чатыры гады пасля прыняцця Канстытуцыі). Першым прэзідэнтам Пятай рэспублікі, зразумела, стаў сам дэ Голь, пераабраны на гэтую пасаду ў 1965-м.

На пасадзе прэзідэнта генерал мусіў вырашыць пытанне Алжыра. Пасля доўгіх ваганняў ён вырашыў даць афрыканскай краіне незалежнасць. У адказ у 1961-м у Алжыры пачаўся «путч генералаў»: адстаўныя французскія вайскоўцы Марыс Шаль, Андрэ Зелер, Рауль Салан і Эдмон Жуо, якія мелі гэтае званне, паспрабавалі ажыццявіць дзяржаўны пераварот з мэтай перашкодзіць сыходу Францыі з Алжыра. Ім удалося захапіць некаторыя стратэгічныя аб’екты ў афрыканскай калоніі — аэрапорт, мэрыю і рэзідэнцыю генерал-губернатара — і пераканаць вайсковыя часткі далучыцца да іх.

Але дэ Голь змог справіцца з мяцежнікамі — на яго баку выступілі мільёны французаў, а армія засталася верная прэзідэнту. Кіраўнікі змовы былі асуджаныя на розныя турэмныя тэрміны, а адзін з іх — нават на смяротнае пакаранне, але быў у выніку памілаваны. Ніхто з путчыстаў не адбыў поўны тэрмін, усіх вызвалілі па амністыі, а ў 1982 годзе генералы былі адноўленыя ў кадрах армейскага рэзерву.

Алжыр атрымаў незалежнасць. Яшчэ раней, у 1960-м, названым «годам Афрыкі», свабоду атрымалі больш за два дзясяткі дзяржаваў гэтага кантынента. Зрэшты, многія з іх усё роўна засталіся пад моцным палітычным ці культурным уплывам Францыі.

Веліч Францыі і бурны 1968 год

Дэ Голь не хацеў заставацца ў цені супрацьстаяння дзвюх вялікіх дзяржаваў — ЗША і СССР — і двух блокаў (NATO і арганізацыі краін Варшаўскай дамовы), характэрнага для халоднай вайны. Ён імкнуўся, каб Францыя была на міжнароднай арэне самастойным гульцом. У яго планах было стварэнне ўласнай ядзернай зброі, што і было рэалізавана, а таксама змяншэнне залежнасці ад ЗША. Сяброўства ў NATO дэ Голь лічыў пазбаўленнем Францыі ваеннага суверэнітэту, а таму пасля няўдалых спробаў рэфармаваць Альянс абвясціў у 1966-м пра выхад з яго ваеннага блока, застаўшыся пры гэтым у палітычным саюзе.

Шарль де Голль. 1961 год. Фото: Bundesarchiv, B 145 Bild-F010324-0002 / Steiner, Egon / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Шарль дэ Голь, 1961 год. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Праз гэта NATO нават давялося пераносіць сваю штаб-кватэру з Парыжа ў Брусэль (там яна і знаходзіцца да гэтага часу), а ЗША — праводзіць дарагую працэдуру пераносу сваіх вайсковых базаў з французскай тэрыторыі. Канчаткова ў склад NATO Францыя вярнулася толькі ў 2009 годзе за прэзідэнтам Нікаля Сарказі.

На кантыненце прэзідэнт рабіў стаўку на саюз з Германіяй. Пры гэтым ён неаднаразова тармазіў уступленне Вялікабрытаніі ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць (арганізацыю — папярэдніцу Еўрасаюза) — гэтую краіну Шарль успрымаў як канкурэнта Францыі.

Таксама ён адмовіўся выкарыстоўваць у міжнародных разліках даляр, перайшоўшы на залаты стандарт. А яшчэ дэ Голь асудзіў вайну ў В’етнаме, якую вяла Амерыка, здзейсніў візіт у Савецкі Саюз і падпісаў з апошнім дамовы аб гандлі і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Але мары пра веліч Францыі і яе ўдзел у гонцы ўзбраенняў пачалі кепска адбівацца на эканоміцы, хоць у цэлым кіраванне генерала было досыць паспяховым. Акрамя таго, у 1968-м дэ Голю было ўжо 78 гадоў, у грамадстве ён пачаў успрымацца як чалавек мінулага.

Гэта паўплывала на тое, што здарылася далей. У траўні 1968 года пачаліся арганізаваныя студэнтамі беспарадкі ў Лацінскім квартале Парыжа. Неўзабаве яны перараслі ў агульнанацыянальны страйк, у якім узнялі ўдзел 10 мільёнаў чалавек. Гэтыя людзі патрабавалі адстаўкі дэ Голя, а таксама рэалізацыі формулы"40 — 60 — 1000″ (40-гадзінны працоўны тыдзень, пенсія ў 60 гадоў, мінімальны аклад у 1000 франкаў).

Генерал разгубіўся і на нейкі час нават пакінуў сваю рэзідэнцыю, адправіўшыся на адну з французскіх ваенных базаў. Прычым яго падначаленыя нейкі час не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Але ўсё ж дэ Голь узяў сябе ў рукі, распусціў парламент і абвясціў пра датэрміновыя выбары. Галісцкая партыя «Саюз дэмакратаў у падтрымку рэспублікі» набрала 73,8% галасоў — гэтая перамога дазволіла генералу застацца ва ўладзе.

Адстаўка, смерць — і рэпутацыя героя

Але ўсё ж з падзей 1968 года Шарль выйшаў псіхалагічна надламаным палітыкам. Яго канцэпцыя «моцнага правадыра» не меркавала наяўнасці настолькі сур’ёзнай апазіцыі. Таму ён імкнуўся даказаць, што па-ранейшаму папулярны, хоць вынікі парламенцкіх выбараў, здаецца, гэта пацвярджалі. У выніку генерал здзейсніў палітычнае самагубства — абвясціў пра рэферэндум. Пры гэтым ён заявіў: калі прайграе, то сыдзе ў адстаўку.

На рэферэндум у прыватнасці меркавалася вынесці пытанні пра ўніверсітэты, Сенат і мясцовае самакіраванне. Але сама сутнасць рэформаў, накшталт пашырэння правоў рэгіёнаў, не мела ніякага значэння. Галасаванне ператварылася ў плебісцыт пра давер дэ Голю. Магчымасцю яго зняць скарысталіся і былыя паплечнікі. Будучы прэзідэнт краіны Валеры Жыскар д’Эстэн заявіў, што не будзе галасаваць. А Жорж Пампіду, былы прэм’ер-міністр, адпраўлены дэ Голем у адстаўку, намякнуў, што ў будучыні гатовы вярнуцца ў палітыку. У грамадстве гэта ўспрынялі як яго прэтэнзіі на пасаду кіраўніка краіны.

Встреча Ричарда Никсона с де Голлем, — вскоре после прихода к власти первого и незадолго до отставки последнего, 1969 год. Фото: US National Archives, Nixon Presidential Materials Staff (NLNS), National Archives at College Park, commons.wikimedia.org
Сустрэча прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана з дэ Голем неўзабаве пасля прыходу да ўлады першага і незадоўга да адстаўкі апошняга, 1969 год. Фота: US National Archives, Nixon Presidential Materials Staff (NLNS), National Archives at College Park, commons.wikimedia.org

Францыя стамілася ад свайго выратавальніка. Дакладней кажучы, палова Францыі: 47,59% прагаласавалі за праект дэ Голя, 52,41% — супраць. Розніца была мінімальнай, але генералу такога раскладу было мала. Прадчуваючы паразу, ён яшчэ да абвяшчэння вынікаў пераехаў у свой маёнтак. Вынікі былі атрыманыя 27 красавіка 1969 года, 28 красавіка дэ Голь сышоў у адстаўку.

Апошнія гады жыцця ён правёў у сваім маёнтку, працягваючы пісаць мемуары. Там ён і памёр праз паўтара года, у лістападзе 1970-га. Паведамляючы пра гэта па тэлебачанні, яго пераемнік Пампіду сказаў: «Генерал дэ Голь памёр, Францыя аўдавела». У краіне была абвешчаная нацыянальны жалоба.

У гонар дэ Голя названы найбуйнейшы парыжскі аэрапорт, адна з галоўных плошчаў горада і шэраг іншых памятных месцаў, а таксама атамны авіяносец французскіх ВМС. Каля Елісейскіх палёў у Парыжы ёсць помнік генералу. Але галоўнае, што прэтэнзіі да дэ Голя, якія гучалі ў апошнія гады яго кіравання, былі забытыя. У масавай свядомасці ён застаўся нацыянальным героем, які двойчы ратаваў сваю краіну.