Хочаце пасля працы пасядзець у офісе з півам ці віном — рыхтуйцеся да непрыемнасцяў. Сабралі спіс магчымых праблем
6 снежня 2024 у 1733467440
Аляксандра Снежаньская / «Зеркало»
У канцы працоўнага тыдня многія любяць расслабіцца, зняць стрэс, абмеркаваць з калегамі, якімі былі гэтыя пяць дзён. Адзін з варыянтаў - пасля працы замовіць у офіс піцу, піва і пабалбатаць. Аднак ці могуць такія душэўныя пасядзелкі пагражаць непрыемнасцямі? Даведаліся ў юрыста.
Юрыст сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help папярэджвае: офісныя пасядзелкі з півам ці віном - не найлепшая ідэя.
- У прававым сэнсе офіс - гэта працоўная прастора, адказнасць за якую нясе наймальнік, - кажа суразмоўца. - Ён жа па законе абавязаны гарантаваць бяспеку працы і падтрымліваць парадак у памяшканні кампаніі. Гэта ўключае і кантроль за выкананнем нормаў паводзін, у тым ліку забарону на ўжыванне алкаголю.
Паводле юрыста, нават калі працоўны дзень ужо скончыўся, тое, што супрацоўнік знаходзіцца ў офісе са спіртным, могуць расцаніць як парушэнне працоўнай дысцыпліны. А значыць, чалавеку пагражае пакаранне. Напрыклад, вымова ці нават звальненне за грубае парушэнне працоўнай дысцыпліны (абз. 4 п. 7 арт. 42 ПК, абз. 2 падп. 1.4 п. 1 Дырэктывы № 1, абз. 3 падп. 6.2 п. 6 Дэкрэта № 5).
- Акрамя гэтага, калі ў офісе адбудуцца якія-небудзь інцыдэнты, звязаныя з маёмасцю кампаніі (напрыклад, нешта знікне ці зламаецца. - Заўв. рэд.), наймальнік можа прыцягнуць работнікаў дадаткова да маёмаснай адказнасці, - кажа спецыяліст. - А калі доступ да офіса адкрыты для іншых людзей (не толькі работнікаў, але і наведнікаў) і памяшканне можа разглядацца як грамадскае месца, работнікаў могуць дадаткова прыцягнуць яшчэ і да адміністрацыйнай адказнасці.
Такім чынам, кажа юрыст, пасядзелкі ў офісе могуць скончыцца не толькі сапсаваным настроем, але і сур'ёзнейшымі наступствамі - дысцыплінарнымі, маёмаснымі і нават адміністрацыйнымі санкцыямі.
- Таму, калі вы хочаце прабавіць вечар з калегамі, лепш выбраць нейтральнае месца - кавярню, бар ці сустрэцца дома, - раіць спецыяліст. - Тут вы зможаце спакойна расслабіцца, пры гэтым не парушаючы закона і не падвяргаючы рызыцы сваю працоўную дзейнасць. А для офіса лепш пакінуць працу і дзелавыя абмеркаванні, каб падтрымліваць прафесійную атмасферу.
Чытайце таксама