«Стварыць бачнасць». Разбіраемся, чаму на польскай мяжы моцна выраслі чэргі аўтобусаў
8 лiпеня 2024 у 1720418760
«Зеркало»
У параўнанні з мінулым летам колькасць аўтобусаў, якія чакаюць выезду з Беларусі ў Польшчу, значна вырасла. Калі ў чэрвені мінулага года ў пункце пропуску «Брэст» у сярэднім у пікавыя гадзіны стаяла па 10−20 аўтобусаў (рэдка іх колькасць даходзіла да 30), то з пачатку гэтага лета іх колькасць дасягала 25−30 (а ў некаторыя дні - 60−80). Каб скараціць час чакання ў чарзе, пасажырам прапануюць перасаджвацца ў транспарт, што стаіць бліжэй да пункта пропуску. І за гэта даводзіцца плаціць. Некаторыя беларусы лічаць, што велічэзная чарга - схема і «ствараецца штучна, каб перавозчыкі павялічвалі касу на тых, хто не хоча чакаць гадзінамі». Гэта так? Паспрабавалі разабрацца.
Імёны суразмоўцаў змененыя дзеля іх бяспекі.
Пасажыры: «Гэта хітрык - стварыць бачнасць велізарнай чаргі: калі б там стаяла 15 аўтобусаў, мала хто на гэта купіўся б»
Спрабаваць перасаджвацца з канца чаргі ў аўтобусы, якія стаяць наперадзе, беларусы пачалі яшчэ зімой. А калі колькасць аўтобусаў у чарзе вырасла да 80, такая практыка стала папулярнай. У адваротным выпадку можна прастаяць «гадзін 25», пішуць у тэлеграм-чатах па перасячэнні мяжы і дзеляцца, колькі часу гэта эканоміць.
- Мы выехалі ўвечары ў 22.45 з Мінска, да 04.00 пад'ехалі да чаргі на мяжы і пераселі ў найбліжэйшы аўтобус - у 06.00 ужо заехалі на мяжу, - напісаў адзін з карыстальнікаў.
Паводле яго, чаканне ў зоне памежнага пункта і праходжанне праверак заняло яшчэ тры гадзіны:
- Да 11.00 мы пад'ехалі да моста - далей праехалі менш чым за гадзіну, а да 13.00 былі першымі ля шлагбаўма, Польскі кантроль прайшлі за гадзіну. Агулам на мяжы мы прабылі менш за дзесяць гадзін.
Якім чынам адбываецца перасадка, апісала адна з беларусак, што ехала ў пачатку траўня і таксама не стала чакаць, пакуль да іх рэйсу дойдзе чарга.
- Мы даведаліся, ці ёсць месцы, і бягом пабеглі па чамадан, і гэтак жа бягом - на перасадку. У аўтобусе, куды я падсела, амаль нікога не было ў салоне, бо ўсе пераселі ў пярэднія. Ва ўсіх аўтобусах такія перабежкі, так што сто працэнтаў будуць месцы наперадзе, - напісала яна іншым карыстальнікам.
Схема з пераходам у іншы аўтобус, кажуць тыя, хто перасякае мяжу, сапраўды дапамагае зэканоміць прыстойную колькасць часу ў чаканні. Але і б'е па кашальку. Мяркуючы з аповедаў пасажыраў, за новае месца часцей за ўсё даводзіцца плаціць. У размовах паміж сабой многія згадваюць цану 40 даляраў ці еўра (каля 130−140 рублёў, тут і далей паводле курсу Нацбанка на 5 ліпеня), але бываюць і меншыя сумы.
- Калі пад'ехалі ў чаргу, да шлагбаўма было восем аўтобусаў, чатыры-пяць - пасля. Я перасела на чатыры наперад - даплаціла 80 рублёў, - расказала беларуска, у якой праходжанне мяжы ў выніку заняло дзевяць гадзін.
- Мы пад'ехалі 16-мі ў 23.05, у 23.20 я перасела ў чацвёрты ад шлагбаўма аўтобус за дзесяць еўра (35 рублёў. - Заўв. рэд.), - у 23.50 заехалі да беларусаў, - напісала яшчэ адна дзяўчына.
Пра такі свой досвед «Люстэрку» расказаў Іван, які некалькі тыдняў таму ехаў у Варшаву.
- Я купіў білет за 130 рублёў на вялікі камфортны аўтобус. Калі пад'ехалі да мяжы, нам сказалі, што мы дзесьці 80-я ў чарзе, кіроўца прапанаваў усім ісці наперад і шукаць сабе месца, інакш можам прастаяць два дні. Як на мяне, гэта хітрык - стварыць бачнасць велізарнай чаргі, бо, калі б там стаяла 15 аўтобусаў, мала хто на гэта купіўся б. У выніку я знайшоў сабе месца ў маршрутцы - кіроўца сказаў плаціць 120 рублёў з чалавека, таксама называлася сума 30−40 еўра (130−140 рублёў. - Заўв. рэд.). У выніку я і яшчэ некалькі чалавек заплацілі па 100 рублёў, ніякіх чэкаў нікому не выдалі.
Плаціць даводзіцца не ўсім: некаторыя пасажыры раней расказвалі, што іх перасадзілі ў іншы транспарт бліжэй, і даплачваць пры гэтым не давялося.
- Падчас пасадкі я спытаў у кіроўцы, ці ёсць у іх опцыя, калі пасажыры перасаджваюцца ў іншыя аўтобусы іх жа фірмы бліжэй да шлагбаўма. Чытаў, што некаторыя перавозчыкі так робяць. Ён патлумачыў, што ў іх [Ecolines] такога няма. Аднак калі мы прыехалі на месца, кіроўца паведаміў: «Наперадзе ёсць яшчэ адзін наш аўтобус, усе, хто хоча, могуць у яго перасесці». Натуральна, хацелі ўсе, людзі схапілі валізкі і пайшлі.
Кіроўца: «Бывае, і 36 гадзін мяжу праходзіш. Чуткі, што гэта нейкая змова, - поўнае трызненне»
«Люстэрка» звязалася з кіроўцам аднаго з перавозчыкаў, які працуе на рэйсах паміж Беларуссю і Польшчай і ў курсе сітуацыі з перасадкамі. Мужчыну завуць Віктар, ён запэўнівае, што ніякіх наўмысных хітрыкаў для дадатковага заробку кампаніі не прыдумляюць, і тлумачыць сітуацыю так:
- Гэта звязана з працай змен на мяжы. Часам павольна правяраюць беларусы, але цяпер гэта палякі. У іх некаторыя змены проста фізічна не працуюць - за свае 12 гадзін могуць аформіць, напрыклад, 11−15 аўтобусаў. А ёсць часавыя прамежкі, як, напрыклад, з 21 гадзіны да трох, калі на мяжу прыязджае ў раёне 20 рэйсавых аўтобусаў, бо ідуць гомельскія, брэсцкія, мінскія, пазнанскія, гродзенскія… У выніку за некалькі гадзін іх збіраецца больш, чым гэтая змена можа аформіць. З чым гэта звязана, толькі сам бог ведае.
Ці праўдзівыя здагадкі пасажыраў, якія лічаць, што чарга павялічваецца ў тым ліку штучна - за кошт пустых аўтобусаў, якія перавозчыкі «прыганяюць спецыяльна»?
- Гэта не так, - адказвае Віктар. - Выглядае ўсё наступным чынам. Прыязджае на мяжу аўтобус, у ім - 30−50 чалавек, становіцца 25-м у чарзе. Пасажыр выходзіць, разумее, што ў яго, напрыклад, дзелавая сустрэча праз суткі, а ён гэты час прастаіць на мяжы. Калі ён гатовы заплаціць, шукае варыянты: перасесці ў легкавік, у аўтобус. Даходзіць да таго, што некаторыя плацяць любыя грошы, абы з'ехаць, бо ў іх, умоўна, самалёт і яшчэ некалькі перасадак - згараць усе білеты. Таму спачатку выходзіць частка аўтобуса, астатнія чакаюць з думкамі «калі-небудзь ды паедзем», праз некалькі гадзін яны таксама перасаджваюцца наперад. У выніку гэты аўтобус, калі даязджае да памежнікаў, - ці напалову пусты, ці цалкам. Неяк кіроўцы адной такой буйной кампаніі, калі ўсе людзі выйшлі, атрымалі загад ад кіраўніцтва разварочвацца і вяртацца назад, каб узяць іншых пасажыраў на новы рэйс і паспець адпачыць.
Паводле суразмоўцы, такая абстаноўка прыносіць нязручнасці і самім кампаніям - гаворка пра тых, у каго невялікі аўтапарк. Таксама многія пасажыры перасталі купляць білеты на вакзале або анлайн (асабліва гэта датычыць рэйсаў з Брэста), - многія адразу едуць да мяжы на таксі ці сваіх машынах і там шукаюць вольныя месцы.
- Напрыклад, у маіх знаёмых раней на рэйс Брэст - Варшава патрэбны быў адзін транспартны сродак, часам другі дадавалі, каб нешта перакрыць, - тлумачыць Віктар. - Спазненні былі, але толькі па прыбыцці. То-бок аўтобус мог спазніцца з Брэста ў Варшаву, але адтуль выехаць усё адно своечасова. А цяпер, калі іх аўтобус выехаў, умоўна, у 00.00 з Брэста і, а восьмай раніцы паводле графіку мусіць быць у Варшаве, то ён толькі мяжу перасякае 24 гадзіны, і дай бог, каб у наступную поўнач хаця б выехаў з польскай мытні. А бывае, і 36 гадзін мяжу перасякаеш. Ну і беларускі перавозчык можа тут, напрыклад, перасадзіць людзей і пустым з'ехаць з чаргі, а польскі - не, ён едзе дадому, яму няма куды падзецца, ён застанецца праходзіць мяжу ў любым выпадку. Таму чуткі, што гэта нейкая змова, - поўнае трызненне.
«Як толькі з'яўляецца паведамленне, што мігранты напалі на іх памежніка, - палякі адразу перастаюць працаваць»
Чаму тады вялікія чэргі збіраюцца менавіта перад беларускай мяжой? У чатах можна прачытаць, што на польскую заязджаюць хутчэй і ў суседзяў чакаць так доўга не даводзіцца.
- Ёсць буферная зона - мост паміж Тэрэспалем і Брэстам, ён даволі вузкі: па адной паласе ў абодва бакі, - кажа кіроўца. - Беларускі бок запускае аўтобусы на сваю тэрыторыю, афармляе іх па максімуме. На самім памежным пункце побач з крамай Duty Free ёсць вялікая пляцоўка. Яе выкарыстоўваюць як месца для аўтобусаў, там змяшчаецца 11−12 штук. Вось там супрацоўнікі пункта пропуску пакідаюць іх, перад уездам на мост, цалкам аформленымі. Бо разумеюць: калі цяпер усіх адправяць да палякаў і заб'юць паласу адной вялікай тэхнікай - стануць калом усе легкавікі. Калі яны бачаць, што з моста аўтобусы з'ехалі на Польшчу, выпускаюць некалькі наступных разам з машынамі. Вось так яны рэгулююць колькасць аўтобусаў, якія едуць на польскі бок. Потым у сябе ўсё рэгулююць палякі. Як толькі ў іх вызваляецца месца, яны зганяюць транспарт далей. Ну, а беларусы, зноў убачыўшы, што там пуста ці ёсць месца, выпускаюць новую колькасць аўтобусаў. Вось так гэта выглядае. То-бок беларусы гатовыя былі б афармляць і аддаваць на Польшчу, але там іх проста няма куды «пхаць».
Віктар лічыць, што чарга магла б рухацца хутчэй і не расці да 70−80 аўтобусаў, калі б суседзі афармлялі транспарт хутчэй:
- Разумееце, калі закрылі «Баброўнікі», стала зусім невыносна: усё паехала сюды, на Брэст. Таму тут шмат рэйсавых, турыстычных аўтобусаў - вось і такія чэргі, а польскія службы павольна працуюць. Як толькі ў інтэрнэце з'яўляецца паведамленне, што мігранты напалі на нейкага іх памежніка, - палякі адразу перастаюць працаваць. Дзесьці злавілі нейкіх уцекачоў - зноў працуюць нашмат горш.
- А яшчэ прыязджае які-небудзь вялікі перавозчык на 80 пасажыраў. Адзін - з няправільным пашпартам. І вось заехаў на мяжу аўтобус з адным ці некалькімі праблемнымі пасажырамі, памежнікі ўсіх афармляюць, а гэтыя завісаюць. Тэарэтычна яны могуць узяць наступны аўтобус. Але часта не хочуць, пакуль не разбяруцца з папярэднім - там трэба складаць пратаколы, пісаць нейкія дакументы. Памежны кантроль зацягваецца, а яшчэ цяпер у палякаў паглыблены кантроль аўтобусаў - усе праходзяць праз рэнтген, яму. У выніку афармляць могуць 2,5 гадзіны, - тлумачыць кіроўца, дадаючы, што ўвесь гэты час чарга з боку Беларусі таксама будзе чакаць.
«Усё залежыць ад сквапнасці і хамства перавозчыка і яго кіроўцы»
Як мы ўжо згадвалі, пасажыры, якія падсаджваліся ў блізкія да памежнага пункта аўтобусы платна, кажуць, што там ім не выдавалі чэка ці білета. Значыць, кіроўца забірае гэтыя грошы сабе?
- Ва ўсіх па-рознаму. У нашай кампаніі кіроўца атрымлівае працэнт ад прададзенага білета, нейкую прэмію ў заробак. Новым пасажырам могуць выдаваць нейкія міжнародныя квітанцыі, хтосьці не выдае нічога, але гэта і неабавязкова, - кажа Віктар. - У любым выпадку, у аўтобусах стаяць камеры - кампанія бачыць, колькі пасажыраў ён правёз. Ну і гэта мяжа, тут пішацца ўсё: транспартны сродак, колькасць людзей, куды і каго везлі. Таму ўсё застаецца ў базах, і няма сэнсу нешта сабе класці «на кішэню». Нашая фірма потым гэтыя білеты ўсё роўна прапускае праз касу, бо ўзнікнуць пытанні: як у ведамасці падчас адпраўкі была адна колькасць, а заехала іншая? Таму мы дапісваем прозвішчы тых, хто падсеў.
Калі ў чарзе аказваецца некалькі аўтобусаў аднаго перавозчыка, чаму ў тыя, што бліжэй да шлагбаўма, не перасаджваюць людзей бясплатна, калі там ёсць месцы? І адкуль узялася цана 40 даляраў ці еўра?
- Я ведаю, што некаторыя фірмы перасаджваюць бясплатна, нашая таксама так робіць. Хтосьці нават раней пускаў адзін аўтобус пусты - проста займаць чаргу, а потым рэйсавы па часе падыходзіў і з яго перасаджваў туды людзей, каб доўга не стаялі, - кажа кіроўца. - Але цяпер у многіх такой магчымасці фізічна няма праз тое, колькі транспартны сродак марнуе часу на дарогу ў адзін бок. Якую на падсадку ставяць цану - залежыць ад распараджэння начальства. У нас, напрыклад, такую ж, як на вакзале, каб з людзей больш грошай не бралі. За іншых скажу шчыра: усё залежыць ад сквапнасці і хамства перавозчыка і яго кіроўцы. Хтосьці бярэ і па 50−60 даляраў (160−190 рублёў. - Заўв. рэд.). Тут цяпер сітуацыя бескантрольная.
Што кажуць самі перавозчыкі пра платныя і бясплатныя перасадкі?
Журналістка «Люстэрка» пад выглядам пасажыркі, якая купіла білет на рэйс Мінск - Варшава і непакоіцца за чэргі на мяжы, патэлефанавала некалькім кампаніям-перавозчыкам. Ці перасаджваюць яны сваіх кліентаў бясплатна, калі наперадзе стаіць іх «пусты» кіроўца?
- Пасажыр набывае білет на аўтобус, які стаіць бліжэй да мяжы, - адказала дыспетчарка Ecolines.
- Атрымліваецца, за адну паездку мне трэба купіць два білеты?
- Так, усё правільна. Цана такая ж, - сказала дзяўчына і дадала, што кіроўца мусіць выдаць чэк.
На гарачай лініі дзяржаўнага «Мінсктранса» адразу папярэдзілі, што аўтобусы прыбываюць з затрымкай на 4−12 гадзін у сярэднім, а пасля расказалі пра ўмовы перасадкі.
- Вядома, мы ідзём насустрач пасажырам: пры наяўнасці свабодных месцаў можна перасесці ў іншы аўтобус бясплатна, гэта ўжо кіроўца вырашае на месцы. Білетаў там не прадаюць, - сказала дыспетчарка. - Ну і там нават да іншага перавозчыка могуць сесці - залежыць ад таго, хто бліжэй. Але я не бяруся за гэта гаварыць - дамаўляюцца кіроўцы паміж сабой самі.
Чытайце таксама