Беларусам могуць ануляваць пашпарт, як Вользе Карач? Разабраліся з юрыстам, у якіх выпадках гэта магчыма
22 снежня 2022 у 1671723120
«Зеркало»
У аўторак, 20 снежня, стала вядома, што кіраўніцу Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольгу Карач знялі з самалёта ў Рыме падчас спробы сесці на рэйс у Бухарэст. Паводле медыя, яе пашпарт аказаўся ануляваны, а ў базе дадзеных Інтэрпола дакумент значыўся як скрадзены. Ці могуць улады ануляваць пашпарты беларускіх грамадзян? «Люстэрка» паспрабавала разабрацца.
Каб удакладніць дэталі таго, што здарылася з Вольгай Карач, «Люстэрка» паспрабавала звязацца з ёй самой у мэсэнджарах і сацыяльных сетках, а таксама праз бот тэлеграм-канала «Наш дом». Аднак на нашыя запыты і званкі ніхто не адказаў.
Тады мы звязаліся з юрыстам і паспрабавалі ўдакладніць, як у прынцыпе магла адбыцца такая сітуацыя (імя юрыста мы не публікуем з меркаванняў бяспекі, але ўсе звесткі ёсць у рэдакцыі).
Юрыст спасылаецца на ўказ № 294 «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Гэта асноўны дакумент, які рэгулюе выдачу дакументаў, якія сведчаць асобу, і прызнанне іх несапраўднымі ў Беларусі.
- У палажэнні аб дакументах, якія сведчаць асобу, пазначаныя асноўныя моманты функцыянавання пашпарта, віду на жыхарства і пасведчання бежанца. У ім пералічаныя ўсе выпадкі, якія могуць нас цікавіць, - кажа суразмоўца. - Адразу звярну ўвагу, што, калі мы гаворым пра пашпарт, ануляванне - гэта неактуальны тэрмін. Ануляванне ўжываецца толькі да пасведчання бежанца і віду на жыхарства. Пашпарт жа ў такіх выпадках проста робіцца несапраўдным.
Юрыст адзначае, што падставаў для прызнання пашпарта такім існуе некалькі. Першае - гэта адсутнасць у ім поўных асабістых звестак.
- Напрыклад, нумару пашпарта, імені або фатаграфіі. Дапусцім, калі праз нейкую памылку ў цябе ў пашпарце няма фатаграфіі, то дакумент несапраўдны. Пашпарт становіцца такім і па заканчэнні тэрміну яго дзеяння. Не ўпэўнены, ці падае МУС такія звесткі ў Інтэрпол, але ў любым выпадку гэты факт адразу візуальна вызначыць службовая асоба, якой паказваецца пашпарт, - працягвае юрыст. - Калі чалавек раптам паспрабуе нейкім чынам прайсці памежны кантроль у якой-небудзь краіне свету па пратэрмінаваным пашпарце, у яго гэта не атрымаецца. Яшчэ адзін пункт - гэта немагчымасць ідэнтыфікацыі звестак. Напрыклад, калі фатаграфія чалавека нераспазнавальная альбо ў яго замочаны адна са старонак і сцерлася імя.
Пашпарт таксама лічыцца несапраўдным пасля падачы ўладальнікам дакумента заявы пра яго страту або крадзеж, а таксама ў выпадку выдачы новага пашпарта. Цалкам імаверна, што ў гэтым выпадку МУС ужо інфармуе Інтэрпол.
- Напрыклад, у выпадку з Вольгай Карач магла быць наступная сітуацыя: яна атрымала новы пашпарт, але скарысталася магчымасцю і пакінула ў сябе на руках стары дакумент. Тады беларускае МУС магло перадаць зьвесткі ў Інтэрпол пра тое, што стары пашпарт непрыдатны для выкарыстання, - тлумачыць наш суразмоўца. - Сярод падставаў прызнання дакумента несапраўдным - і сітуацыі, калі чалавек мяняе прозвішча, імя або імя па бацьку. Тое ж адбываецца ў выпадках паведамлення ілжывых звестак або прадстаўлення падробленых дакументаў (дапусцім, чалавек падаў чужое фота або падробленае пасведчанне аб нараджэнні).
Юрыст адзначае, што ў палажэнні таксама гаворыцца пра выпадак, калі ўладальнік дакумента страчвае права на карыстанне пашпартам:
- Хутка ў нас асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы людзей змогуць пазбаўляць беларускага грамадзянства. Такім чынам, чалавек страціць права карыстання пашпартам, і яго дакумент стане несапраўдным. Вялікае пытанне, як да адпаведных паведамленням беларускага МУС будзе ставіцца Інтэрпол. А вось калі мы гаворым пра сітуацыю, калі ў чалавека ёсць падвойнае грамадзянства, то само па сабе гэта не падстава для прызнання беларускага пашпарта несапраўдным. Беларусь не прызнае падвойнае грамадзянства. То-бок калі грамадзянін Беларусі адначасова з'яўляецца ўладальнікам пашпарта іншай дзяржавы, то ўсе органы ў нашай краіне разглядаюць гэтага чалавека выключна як грамадзяніна Беларусі. Акрамя іншага, пашпарт становіцца несапраўдным у выпадку смерці яго ўладальніка.
Паводле юрыста, у згаданым указе № 294 няма іншых падставаў, па якіх МУС можа прызнаць пашпарт несапраўдным.
- Нічога такога, вобразна кажучы, крамольнага, што давала б МУС звышпаўнаважанасць, у ім няма. Я мяркую, што ў выпадку Вольгі Карач яна магла мець два пашпарты. Магчыма, ёй проста забылі паставіць пячатку «анулявана» на стары пашпарт, альбо яна выпадкова (ці не) магла паказаць на памежным кантролі стары пашпарт для праверкі. Не магу выключаць таксама і чалавечы фактар з любога боку, - дадае юрыст.
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, каб удакладніць, ці змянілася нешта ў прызнанні пашпартоў несапраўднымі. Там папрасілі адкрыць указ 294 «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь» і «азнаёміцца з усімі падставамі».