Парламент ЕС прыняў першы ў свеце закон пра штучны інтэлект
13 сакавiка 2024 у 1710340680
«Зеркало»
Еўрапейскі парламент ухваліў закон пра штучны інтэлект, які акрэслівае патрабаванні да распазнавання твараў або да праграм для працы з тэкстам і выявамі, такім як ChatGPT, паведамляецца на сайце Еўрапарламента.
Згодна з дакументам, базавыя мадэлі ШІ, такія як ChatGPT і сістэмы ШІ агульнага прызначэння (GPAI), мусяць адпавядаць патрабаванням што да празрыстасці, перш чым яны будуць выпушчаныя на рынак. Сюды ўваходзяць распрацоўка тэхнічнай дакументацыі, выкананне закона ЕС пра аўтарскае права і распаўсюджанне падрабязных аглядаў кантэнту, які выкарыстоўваецца для навучання.
Акрамя таго, у адпаведнасці з пагадненнем, урады краін ЕС змогуць звяртацца да біяметрычнага назірання ў рэальным часе ў грамадскіх месцах толькі ў выпадках здзяйснення пэўных злачынстваў і неабходнасці іх перадухілення (такіх як тэракты, пошук людзей, што падазраюцца ў самых цяжкіх злачынствах).
Закон таксама забараняе кагнітыўна-паводзінныя маніпуляцыі, нямэтавае выдаленне выяваў твараў з інтэрнэту або запісаў з камер відэаназірання, сацыяльныя сістэмы ацэнкі і біяметрычнай катэгарызацыі для вызначэння палітычных, рэлігійных, філасофскіх перакананняў, сэксуальнай арыентацыі і расы.
Раней паведамлялася, што ў выпадку парушэння закона карыстальнікі змогуць падаваць скаргі, а штрафы будуць вар'явацца ад 7,5 млн еўра або 1,5% ад абароту да 35 млн еўра або 7% сусветнага абароту.